Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота

Пантыфік: распазнаваць і слухаць голас Добрага Пастыра

Голасу Добрага Пастыра дапамагае нам выйсці за агароджу эгаізму і вядзе да пашаў сапраўднай свабоды, падкрэсліў Папа перад малітвай “Regina Coeli”, якая 3 мая 2020 прайшла ў Ватыкане.

Прапануем поўны пераклад на беларускую мову разважання Святога Айца, якое прагучала з бібліятэкі Апостальскага палаца:

“Чацвёртая Велікодная Нядзеля, якая адзначаецца сёння, прысвечана Езусу Добраму Пастыру. Евангелле кажа: “Авечкі слухаюцца голасу ягонага; кліча сваіх авечак па імені” (Ян 10,3). Пан кліча нас па імені, кліча нас, таму што любіць. Аднак, кажа яшчэ Евангелле, ёсць і іншыя галасы, за якімі нельга ісці: чужыя галасы, галасы злодзеяў і злачынцаў, якія жадаюць зла авечкам.

Гэтыя розныя галасы гучаць унутры нас. Ёсць голас Бога, які лагодна прамаўляе да сумлення, а ёсць спакуслівы голас, што вядзе да зла. Як адрозніць голас Добрага Пастыра ад голасу злодзея, як адрозніць Божае натхненне ад спакусаў злога. Навучыцца адрозніваць гэтыя галасы магчыма: яны, насамрэч, кажуць на двух розных мовах, маюць супрацьлеглыя спосабы стукання ў наша сэрца. Як адрозніваем розныя мовы, так можам адрозніць голас Бога, ад голаса злога. Голас Бога не абавязвае ніколі: Бог прапануе сябе, не навязвае. У той жа час голас злога падманвае, знявольвае, прымушае: выклікае ілюзіі, якія асвятляюць, эмоцыі, якія апаноўваюць, але прамінаюць. На пачатку ліслівіць, прымушае думаць, што з’яўляемся ўсемагутнымі, а потым пакідае з пустатой унутры і абвінавачвае нас: “Ты не каштуе нічога”.

“Голас Бога, наадварот, папраўляе цябе, з вялікай цярплівасцю, заўсёды падбадзёрвае, суцяшае: заўсёды ўмацоўвае надзею. Божы голас мае гарызонт, а голас ворага заганяе ў вугал.”

Іншае адрозненне. Голас ворага адрывае нас ад сённяшняга дня і хоча, каб мы былі засяроджаны на страхах перад будучыняй і смутках мінулага: ён прымушае нанова расквітнець горычы, успамінам аб спазнаных пакутах, аб тых, хто зрабіў нам зло. У сваю чаргу голас Бога кажа пра цяперашняе: “Сёння можаш зрабіць дабро, сёння можаш праявіць крэатыўнасць любові, сёння можаш адмовіцца аб аплаквання і згрызотаў, якія трымаюць сэрца ў няволі”.

Яшчэ: два галасы выклікаюць у нас розныя пытанні. Тое, што паходзіць ад Бога, будзе такім: “Што для мяне карысна?”. У сваю чаргу спакусіцель настойвае з іншымі пытаннем: “Што мне падабаецца рабіць?”. Што мне падабаецца? – Голас злога заўсёды абарочваецца вакол эга, нашых парываў, нашых патрэбаў, усяго і адразу. Як капрызы дзяцей…

“Божы голас, аднак, ніколі не абяцае радасці малым коштам: заклікае нас ісці далей за наша эга, каб знайсці сапраўднае дабро, мір. Будзем памятаць: зло ніколі не дорыць спакой, спачатку уводзіць у нястрыманасць, а потым пакідае горыч.”

Голас Бога і голас спакусіцеля, нарэшце, прамаўляюць у розных “асяроддзях”. Вораг аддае перавагу цемры, падману, плёткам. Пану падабаецца сонечнае святло, праўда, шчырая празрыстасць. Вораг скажа нам: “Закрыйся ў сабе, каб ніхто цябе не разумеў і не слухаў, не давярай нікому!”. Дабро наадварот, заклікае адкрыцца, быць празрыстымі і мець давер да Бога і іншых. Дарагія браты і сёстры, у гэты час шмат думак і турботаў вядуць нас да закрытасці ў сабе. Будзем уважлівымі да галасоў, якія даходзяць да нашага сэрца. Спытаем сябе адкуль яны паходзяць. Будзем прасіць аб ласцы распазнання і наследавання голасу Добрага Пастыра, які дапамагае нам выйсці за агароджу эгаізму і вядзе да пашаў сапраўднай свабоды. Няхай Багародзіца, Маці Добрай Рады, скіроўвае і суправаджае наша распазнанне”.

03 мая 2020, 12:08