Пошук

Vatican News

Пантыфік на агульнай аўдыенцыі: малітвай вярнуць свету надзею

Людзі малітвы – гэта міратворцы, якія пасярод зла захоўваюць жывой надзею, - падкрэсліў Францішак. Ён назваў малітву “кветнікам адраджэння” пасярод пустыні нянавісці.

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 27 мая 2020 г. прайшла ў форме відэатрансляцыі з Апостальскага палаца ў Ватыкане, Пантыфік працягнуў цыкл катэхез аб малітве.

Папа заўважыў, што задума Бога адносна чалавецтва ўтрымлівае выключна дабро, але ў жыцці мы штодзённа сустракаемся з існаваннем зла. Паступовае распаўсюджванне граху ў гісторыі чалавецтва апісана ў першых раздзелах кнігі Быцця.

Адам і Ева засумняваліся ў добразычлівых намерах Бога, думалі, што маюць справу з зайздросным бажаством, якое перашкаджае іх шчасцю, у выніку чаго паўсталі супраць Яго. Іх сэрцы, паддаўшыся спакусе злога, былі апанаваны маніяй вялікасці, яны лічылі, што пакаштаваўшы плод з дрэва, будуць як Бог. Але вынік быў адваротным, - нагадаў Францішак.

“Зло становіцца яшчэ больш дэструктыўным, больш моцным у другім пакаленні людзей: у гісторыі Каіна і Абэля. Каін зайздросціў брату. Хоць быў першародным, бачыў у Абэлю ворага, таго, хто квапіцца на яго першаснасць. Зло ўвайшло ў яго сэрца і Каін не здолеў яго апанаваць. (…) І так гісторыя першага братэрства завяршылася забойствам”

, - заўважыў Пантыфік.

Насілле пашыралася і ў нашчадках Каіна, што выражаецца ў “злосным спеве Ламеха”, сапраўдным “гімне помсце”: “Калі Каіну адпомсціцца ўсямёра, то Ламеху – у семдзесят сем разоў” (Быц 4, 23-24).

“І такім чынам зло пашырылася як алейная пляма, распаўсюдзілася на ўвесь гарызонт: “Убачыў Пан, што вялікае зло людзей на зямлі і што ўсе задумы сэрцаў іхніх увесь час скіраваны толькі на зло” (Быц 6, 5). Велічныя вобразы вялікага патопу і Вавілонскай вежы паказвалі, што існавала патрэба ў новым пачатку, як у новым стварэнні, якое будзе мець сваё спаўненне ў Езусе Хрысце”, - сказаў Францішак.

Пантыфік заўважыў, што на першых старонках Бібліі, напісана таксама і “іншая гісторыя”, менш яскравая, нашмат больш сціплая і пабожная, але напоўненая надзеяй.

“Нават калі амаль усе паводзілі сябе жорстка, пераўтвараючы нянавісць і заваяванне ў рухавік гісторыі, былі людзі, здольныя маліцца да Бога з шчырасцю, здольныя іншым чынам пісаць лёс чалавека”

, - падкрэсліў Папа.

Францішак нагадаў пра прыклад Абэля, які прыносіў Богу ахвяру з першынцаў статку свайго; пра Энаса, які заклікаў імя Пана; пра Энака, які “хадзіў з Богам” і быў узяты на неба; і нарэшце пра Ноя, дзякуючы якому Бог вырашыў не знішчаць усяго чалавецтва.

“Чытаючы гэтыя апавяданні, складаецца ўражанне, што малітва стала плацінай, прытулкам для чалавека перад хваляй поўнага зла, якое расло ў свеце. Урэшце, мы молімся таксама, каб уратавацца ад саміх сябе. Важна маліцца, кажучы: “Пане, калі ласка, выратуй мяне ад мяне самога, ад маіх амбіцый, ад маіх жарсцяў…”, - сцвердзіў Святы Айцец.

“Людзі, якія моляцца на першых старонках Бібліі – міратворцы: сапраўды, малітва, калі яна сапраўдная, вызваляе ад гвалтоўных інстынктаў і з’яўляецца позіркам, скіраваным да Бога, каб Ён зноў пачаў клапаціцца пра сэрца чалавека”

, - дадаў ён.

Паводле Францішка, малітва з’яўляецца “кветнікам адраджэння ў тых месцах”, дзе “нянавісць чалавека магла пашыраць толькі пустыню”.

“Вось чаму Божае панаванне перадаецца праз ланцуг гэтых людзей, якіх у свеце часта не разумеюць і спіхваюць на задворкі. Але свет жыве і развіваецца дзякуючы Божай сіле, якую гэтыя Яго слугі чэрпаюць з сваёй малітвы. Гэта той ланцуг, які зусім не стварае шуму, рэдка мае гонар трапіць у выпускі навін, але ён вельмі важны для таго, каб вярнуць свету надзею!”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак падзяліўся ўспамінамі пра аднаго няверуючага палітыка, які ў цяжкі перыяд свайго жыцця пачаў маліцца, памятаючы пра прыклад веры, які ў маленстве атрымаў ад бабулі. Папа падкрэсліў, што вельмі важна вучыць дзяцей малітве. Яна стане зернем жыцця, што назаўсёды застанецца ў іх сэрцах.
 

27 мая 2020, 11:30