Пошук

Vatican News

Францішак: праз спасланне Духа Святога Бог заразіў свет жыццём

“Мы павінны дарыць тое, што атрымалі”: “суцяшэнне Духа Святога і блізкасць Бога”, - заахвоціў Папа ў відэапасланні да ўдзельнікаў сусветнага малітоўнага руху “Прыйдзі Валадарства Тваё” (Thy Kingdom Come).

Галоўная місія руху – заахвоціць хрысціян ва ўсім свеце маліцца аб тым, каб як мага больш людзей прыйшло да пазнання Езуса.

Відэазваротам, які быў абнародаваны 31 мая 2020 г., ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, Францішак прывітаў удзельнікаў гэтай ініцыятывы, якая будзе трываць наступныя 11 дзён з малітвамі ў сямейных колах, касцёльнымі анлайн-сустрэчамі, віртуальнымі малітоўнымі сходамі і іншымі мерапрыемствамі.

“Праз спасланне Духа Святога Бог заразіў свет жыццём. Як жа ўсё гэта кантрастуе з заражэннем смерцю, якое на працягу некалькіх месяцаў спустошвае Зямлю! Таму сёння, як ніколі, неабходна заклікаць Духа Святога, каб Ён уліў Божае жыццё, любоў у нашыя сэрцы. Сапраўды, каб будучыня была лепшай, павінны стаць лепшымі нашыя сэрцы”

, - сказаў Пантыфік.

Па словах Францішка, “Дух Святы дае нам упэўненасць у тым, што мы не адны, што нас падтрымлівае Бог”, а мы, у сваю чаргу, “павінны дарыць тое, што атрымалі”: “распаўсюджваць суцяшэнне Духа Святога і блізкасць Бога”, “быць сведкамі міласэрнасці для чалавецтва, якое моцна пацярпела”.

Пантыфік заклікаў маліцца аб дарах Духа Святога для ўсіх, хто ў гэтыя дні “вымушаны прымаць далікатныя і тэрміновыя рашэнні, каб абараніць чалавечае жыццё і годнасць працы”, і падкрэсліў, што сёння ўсім нам патрэбны “позірк, поўны чалавекалюбства”, які дазволіць нікога не пакінуць ззаду.

“Нам трэба вярнуцца на шлях да Бога і да бліжняга: не адасоблена, не бяздушна ў адносінах да крыку забытых асоб і параненай планеты. Нам трэба быць з’яднанымі, каб супрацьстаяць усім відам пандэміі, якія шырока распаўсюджваюцца: віруснай, але таксама пандэміі голаду, войнаў, пагарды да жыцця, абыякавасці. Толькі разам зможам ісці далёка”

, - заключыў Святы Айцец.

Вытокам міжнароднай экуменічнай ініцыятывы “Прыйдзі Валадарства Тваё” (Thy Kingdom Come) стала запрашэнне да сумеснай малітвы, з якім у маі 2016 г. Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі і архіепіскап Ёркскі Джон Сентаму звярнуліся да Англіканскай Царквы. Ужо праз тры гады, у 2019 г., у сумеснай малітве ўдзельнічалі хрысціяне са 172 краін. Чакаецца, што ўдзельнікамі сёлетняй малітвы стануць прадстаўнікі больш чым 60 розных веравызнанняў са 178 краін свету.

31 мая 2020, 10:34