Пошук

Vatican News

Францішак: мы створаны для Неба, каб вечна жыць

Вера ў Езуса і ўсведамленне таго, што Ён падрыхтаваў нам месца ў Небе, з’яўляюцца лепшымі лекамі ад страху, - адзначыў Папа 10 мая 2020 г. у разважанні перад малітвай “Уладарка Неба”.

Францішак спаслаўся на ўрывак Евангелля Пятай велікоднай нядзелі (Ян 14, 1-12), у якім Езус развітваецца са сваімі вучнямі перад мукай словамі: “Няхай не трывожыцца сэрца вашае”. Ён адзначыў, што гэты фрагмент прапануе нам два сродкі лячэння страху: веру ў Езуса і ўсведамленне таго, што наш лёс – гэта вечнае жыццё ў Валадарстве Нябесным.

“Мы створаны для Неба, для вечнага жыцця, каб вечна жыць. Назаўжды: гэта тое, што мы нават не ўяўляем. Але яшчэ больш цудоўна ўсведамляць, што гэта будзе адбывацца ў пастаяннай радасці, у поўнай камуніі з Богам і з іншымі, больш не будзе слёз, крыўды, падзелаў і страху”

, - адзначыў Францішак.

Папа нагадаў, што шлях, які вядзе нас да Валадарства Нябеснага, – гэта Езус. Менавіта таму так важна мець жывыя адносіны з Ім, ісці па Яго слядах. Хрысціянін павінен часта пытаць сябе: “Якім шляхам я іду?”.

“Ёсць дарогі, якія не вядуць да Неба: дарогі секулярнасці, дарогі самарэалізацыі, дарогі эгаістычнай улады. І ёсць шлях Езуса, шлях сціплай любові, малітвы, лагоднасці, даверу і служэння іншым. Гэта шлях, на якім галоўны герой не я, гэта шлях Езуса, і Ён з’яўляецца галоўным героем майго жыцця”

, - заўважыў Пантыфік.

“Няхай Маці Божая, Валадарка Нябесная, дапаможа нам ісці за Езусам, Які адкрыў нам рай”, - заклікаў Францішак, завяршаючы сваё разважанне перад пасхальнай марыйнай малітвай.

10 мая 2020, 13:08