Пошук

Vatican News

Святы Айцец: сёмае благаслаўленне – самае актыўнае і творчае

Сапраўдныя мір і раўнавага з’яўляюцца вынікам Хрыстовага спакою – Ён зруйнаваў варожасць і аднавіў мір сваёй крывёй, пралітай на крыжы, - падкрэсліў Папа.

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 15 красавіка 2020 г. прайшла ў форме відэатрансляцыі з Ватыкана, Францішак прысвяціў катэхезу сёмаму евангельскаму благаслаўленню: “Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі” (Мц 5,9).

Пантыфік патлумачыў, што існуе два паняцці міру, першае з якіх – біблійнае. Яно выражаецца словам shalòm, якое азначае “дастатак, росквіт, дабрабыт”. “Калі па-яўрэйску кажам shalòm, то жадаем прыгожага, поўнага, квітнеючага жыцця, але таксама жыцця згодна з праўдай і справядлівасцю, якія выконваюцца ў Месіі, Князі супакою”, - сказаў ён.

Францішак зазначыў, што другое значэнне больш распаўсюджанае, і згодна з ім слова “мір” разумецца як “унутраны спакой”. Гэта сучасная ідэя, псіхалагічная і больш суб’ектыўная.

“Такое значэнне “міру” – няпоўнае і не павінна абсалютызавацца, бо неспакой у жыцці можа стаць важным момантам узрастання. Вельмі часта менавіта Пан сее ў нас неспакой, каб выйшлі на сустрэчу з Ім, каб знайшлі Яго. У такім сэнсе неспакой з’яўляецца важным момантам узрастання, а ўнутраны спакой можа адпавядаць сумленню, якое спіць, а не сапраўднаму духоўнаму адкупленню”, - сказаў Папа

“Вельмі часта Пан павінен быць “знакам, якому супраціўляцца будуць”, павінен разбурыць тое, на што мы памылкова пакладаем надзею, каб прывесці нас да збаўлення. У такі момант здаецца, што мы згубілі спакой, але гэта Пан выводзіць нас на такі шлях, каб прыйшлі да спакою, падоранага Ім”

, - дадаў ён.

Святы Айцец нагадаў, што Езус падкрэсліваў адрозненне свайго спакою ад мірскога: “Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю”.

Папа заўважыў, што ў гэтым свеце спакой, мір пасля войнаў ці ўзброеных канфліктаў, дасягаецца або шляхам паразы аднаго з бакоў, або заключэннем мірнай дамовы. “Мы не можам не жадаць і не прасіць у малітве таго, каб заўсёды пераважаў другі шлях. Але мы павінны ўлічваць, што гісторыя – гэта бясконцая серыя мірных дамоваў, перакрэсленых наступнымі войнамі, ці вядзеннем гэтых самых войнаў іншымі спосабамі або ў іншых месцах”, - заўважыў Францішак.

“Таксама і ў наш час “фрагментарная” вайна вядзецца на многіх тэатрах баявых дзеянняў і рознымі спосабамі. Трэба прынамсі падазраваць, што ва ўмовах глабалізацыі, якая грунтуецца ў першую чаргу на эканамічных інтарэсах, “мір” адных адпавядае “вайне” іншых. І гэта не Хрыстовы мір!”

, - дадаў ён.

Хрыстус, аднак, зруйнаваў варожасць і аднавіў мір сваёй крывёй, пралітай на крыжы. І гэта з’яўляецца прыкладам для міратворцаў, пра якіх кажа Евангелле. Таму сёмае благаслаўленне з’яўляецца самым актыўным, ініцыятыўным і творчым.

“Любоў па сваёй прыродзе заўсёды творчая. Яна шукае прымірэння любым коштам. Божымі сынамі будуць названыя тыя, хто авалодаў мастацтвам міра і практыкуе яго, хто ведае, што не існуе прымірэння без дару ўласнага жыцця, і што мір трэба шукаць заўсёды і ўсюды. Заўсёды і ўсюды! Не варта забывацца, што менавіта так трэба шукаць мір! Гэта не наша самастойная справа, не плён нашых здольнасцей, але праява ласкі, атрыманай ад Хрыста, Які з’яўляецца нашым спакоем, і які зрабіў нас Божымі дзецьмі”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што “сапраўдны shalòm і сапраўдная ўнутраная раўнавага, вынікаюць з Хрыстовага спакою, які з’яўляецца плёнам Яго крыжа і стварае новае чалавецтва, уцелаўлёнае ў бясконцым шэрагу святых, якія былі вынаходлівымі і творчымі, пастаянна знаходзілі новыя шляхі, каб любіць”.

“Гэты шлях Божых сыноў, якія дзеля Хрыстовай крыві шукаюць і знаходзяць сваіх братоў і сясцёр, з’яўляецца сапраўдным шчасцем. Шчаслівыя тыя, хто ідзе гэтым шляхам”, - завяршыў катэхезу Пантыфік.
 

15 красавіка 2020, 12:39