Пошук

Vatican News

Святы Айцец маліўся за ахвяр ліхвяроў

Маліцца за сем’і, у якіх ліхвяры забіраюць тое нямногае, што яны маюць, - заклікаў Папа падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 23 красавіка 2020 г. цэлебраваў у Ватыкане.

“Шмат дзе адчуваецца адно з наступстваў пандэміі: шматлікія сем’і ў патрэбе галадаюць і, на жаль, ім “дапамагаюць” у гэтым групы ліхвяроў. Вось яшчэ адна пандэмія – сацыяльная пандэмія. Сем’і людзей з дзецьмі, якія маюць падзённую працу ці жывуць з падпрацовак, і ў якіх ліхвяры забіраюць тое нямногае, што яны маюць. Будзем маліцца за гэтыя сем’і, за тых шматлікіх дзяцей, за захаванне годнасці гэтых сем’яў. Будзем маліцца таксама за ліхвяроў, каб Пан дакрануўся да іх сэрцаў і яны пакаяліся”, - сказаў ва ўступе да літургіі Францішак.

На заканчэнне св. Імшы Пантыфік правёў кароткую Эўхарыстычную адарацыю і ўдзяліў благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам, заклікаючы вернікаў, якія прымалі ўдзел у св. Імшы, дзякуючы трансляцыі ватыканскіх СМІ, да духоўнай св. Камуніі.
 

23 красавіка 2020, 10:52