Пошук

Vatican News

Пасхальная Вігілія: несці песню жыцця, каб змоўк крык смерці

У хвіліны выпрабавання “не выракацца любові”, але “запальваць міласэрнасць у цемры сэрца”, тым самым рыхтуючы “світанне першага дня тыдня”, - заклікаў Францішак вернікаў і ўсіх людзей добрай волі.

Увечары 11 красавіка 2020 г. Пантыфік узначаліў урачыстую Імшу Пасхальнай Вігіліі ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане. Мільёны вернікаў паўсюднага Касцёла маглі далучыцца да ўдзелу ў Літургіі, дзякуючы прамой трансляцыі са святыні.

У гаміліі Святы Айцец заўважыў, што стан пакуты і разгубленасці, у якім сёння знаходзіцца чалавецтва, вельмі сугучны з тым, што адчувалі жанчыны, якія, “калі мінула субота”, прыйшлі да магілы Пана (Мц 28, 1-10). Тая субота, па словах Папы, стала для іх “самым змрочным часам”.

“Гэта дзень Пасхальнага Трыдуума, на які мы звяртаем менш за ўсё ўвагі, захопленыя чаканнем пераходу ад пятнічнага Крыжа да нядзельнага “Аллелюя”. Аднак у гэтым годзе як ніколі адчуваем Вялікую суботу – дзень вялікага маўчання. Можам пазнаць сябе ў пачуццях жанчын у той дзень. Яны, як і мы, мелі перад вачыма драму пакут, нечаканай трагедыі, якая здарылася занадта хутка”, - адзначыў Папа.

Галоўнае, аднак, што жанчыны не паддаліся горычы, не замкнуліся ў песімізме, не кінуліся на ўцёкі ад рэчаіснасці. У тую суботу яны рабілі “штосьці простае і надзвычайнае: у сваіх дамах рыхтавалі пахучы алей, каб намасціць цела Езуса”. “Самі таго не ведаючы, гэтыя жанчыны падрыхтоўвалі ў цемры той суботы “світанне першага дня тыдня” – дня, які зменіць гісторыю”, - сцвердзіў Францішак.

Па яго словах, менавіта “ў гэтую ноч мы заваявалі фундаментальнае права, якое ў нас не адымецца: права на надзею” – новую, жывую, “якая паходзіць ад Бога”. “Яна ўсяляе ў сэрца ўпэўненасць, што Бог умее ўсё ператварыць у дабро, бо робіць так, каб нават з магілы выйшла жыццё”, - сказаў Папа.

Ён нагадаў, што “цемра і смерць не маюць апошняга слова”, і заклікаў вернікаў быць смелымі, бо “з Богам нічога не страчана”. Пры гэтым Папа прызнаў, што самі сабе мы гэтую смеласць не забяспечым, аднак можам атрымаць яе як дар. Для гэтага “дастаткова адкрыць сэрца на малітву, дастаткова крыху зрушыць камень, пакладзены пры ўваходзе ў сэрца, каб дазволіць трапіць туды святлу Езуса”.

Працягваючы, Францішак заўважыў, што пасхальная вестка надзеі ўтрымлівае і другую частку – высыланне, бо Езус кажа жанчынам: “Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, там Мяне ўбачаць” (Мц 28, 10).

Святы Айцец выказаў думку, што Гагілея – гэта месца, якое нагадвае Езусу пра паўсядзённае жыццё, сям’ю і працу, а значыць, Ён хоча, “каб мы неслі надзею якраз туды, у штодзённае жыццё”. Для вучняў Хрыста Галілея была яшчэ і месцам успамінаў, “асабліва пра першае пакліканне”

“Вярнуцца ў Галілею – значыць успомніць, што мы ўлюбёныя і пакліканыя Богам. Нам трэба ўзнавіць шлях, памятаючы, што мы нараджаемся і адраджаемся, дзякуючы падоранаму пакліканню любові. Гэта пункт, з якога трэба пачынаць нанова заўсёды, асабліва ў крызісах, у часы выпрабаванняў”, - сказаў Папа.

Нарэшце, Пантыфік падкрэсліў, што Галілея, куды пасылае Езус, была зямлёй язычнікаў (гл. Мц 4, 15). Гэта сведчыць пра тое, што “вестка надзеі не павінна абмяжоўвацца нашымі святынямі: яе трэба несці ўсім”. Папа выказаў захапленне хрысціянамі, здольнымі суцяшаць, несці цяжар іншых, падбадзёрваць, бо яны – сапраўдныя “вестуны жыцця ў часы смерці”.

Напрыканцы гаміліі Францішак заклікаў вернікаў “несці песню жыцця” ва ўсе куткі свету, прымушаючы “замаўчаць крык смерці”. Ён пажадаў, каб у свеце спыніліся войны, вытворчасць і гандаль зброяй, аборты, “якія забіваюць нявіннае жыццё”, каб адкрыліся сэрцы тых, хто валодае, і напоўнілі пустыя рукі тых, хто пазбаўлены неабходнага.

“Сёння мы, пілігрымы ў пошуку надзеі, прыпадаем да Цябе, Езу Уваскрослы. Адварочваемся ад смерці і адкрываем сэрцы на Цябе, Які ёсць Жыццём”, - такім малітоўным заклікам завяршыў гамілію Папа.

11 красавіка 2020, 22:24