Пошук

1586087262945.jpg

Папа: не мы служым Богу, але Бог дзеля нас стаў слугой

Сапраўдныя героі, гэта не тыя, хто мае славу і грошы, але хто ахвяруе жыццём, каб служыць іншым, - падкрэсліў Папа падчас Эўхарыстыі, якую цэлебраваў у Пальмовую нядзелю 5 красавіка 2020 г. у Ватыкане.

“Езус “выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі”, - гэтымі словамі Папа распачаў сваю гамілію. “Бог нас збавіў, паслужыўшы нам. Звычайна мы думаем, што гэта мы служым Богу. Але на самой справе, гэта Ён бескарысліва паслужыў нам, бо першым палюбіў нас. Цяжка любіць і не быць любімым, а яшчэ цяжэй служыць, калі мы не дазваляем Богу паслужыць нам”, - дадаў ён.

Францішак зазначыў, што Бог паслужыў нам да такой ступені, што сам перажыў самыя балючыя сітуацыі для тых, хто любіць: здраду і пакінутасць.

“Жудасна, калі наш вялікі давер апынаецца падманутым. У глыбіні душы нараджаецца такое расчараванне, што здаецца жыццё больш не мае сэнсу. Гэта адбываецца таму, што мы былі народжаны, каб быць любімымі і любіць, а самае балючае – гэта калі здраджваюць тыя, хто абяцаў нам вернасць і блізкасць. Мы нават не можам уявіць сабе наколькі гэта балюча для Бога, які сам ёсць любоўю”, - дадаў Святы Айцец.

Папа заклікаў падумаць, як часта мы здраджваем Богу сваёй нявернасцю, фальшывасцю, крывадушнасцю і двудушнасцю, нястрыманым словам і пастановамі. Але замест таго, каб трапляць у роспач, трэба ўзняць вочы да Укрыжаванага і прасіць аб Яго падтрымцы.

Святы Айцец заўважыў, што Езус паслужыць нам спазнаўшы поўную пакінутасць, калі здавалася, што нават Айца не было побач. Калі мы знаходзімся ў тупіку, без святла і выйсця, калі здаецца, што нават Бог не адказвае, трэба памятаць, што не самотныя”.

“Сёння, падчас драмы пандэміі, перад абліччам шматлікіх падманутых спадзяванняў, калі на нашых вачах разбураюцца шматлікія апоры, калі адчуванне самотнасці сціскае сэрца, Езус кажа кожнаму з нас: “Будзь мужны, адкрый сэрца на маю любоў і тады адчуеш суцяшэнне Бога, які падтрымлівае цябе”

, - сказаў Папа.

Папа заклікаў адказаць Езусу, які паслужыў нам, спазнаўшы здраду і пакінутасць, не здраджваючы таму, для чаго мы былі створаны, і не пакідаючы таго, што па-сапраўднаму вартае. “Не будзем думаць толькі пра тое, чаго нам не хапае, але пра дабро, якое можам зрабіць”, - сказаў Святы Айцец.

“Вядома, што любіць, маліцца, прабачаць, клапаціцца пра іншых, у сям’і і грамадстве, можа каштаваць, можа здавацца Крыжовым шляхам. Але шлях служэння – гэта пераможны шлях, які нас збавіў і які збаўляе нам жыццё”

, - сказаў Папа.

Святы Айцец звярнуўся да моладзі, заклікаючы глядзець на сапраўдных герояў, якія становяцца бачнымі ў гэтыя дні: гэта не тыя, хто мае славу, грошы і поспех, але тыя, хто ахвяруе сабой, каб служыць іншым.

“Не бойцеся прысвяціць жыццё Богу і іншым – ад гэтага вы толькі выйграеце. Жыццё – гэта дар, які мы атрымліваем, калі дорым яго. Самая вялікая радасць – казаць “так” любові, без “калі” і без “але”, як гэта зрабіў Езус для нас”, - закончыў гамілію Пантыфік.
 

05 красавіка 2020, 13:20