Пошук

1586773354846.JPG

Папа: калі Езус уваскрос, можам з даверам глядзець на ўсе падзеі

Няхай упэўненасць ва ўваскрасенні Хрыста ўмацуе веру кожнага ахрышчанага і падбадзёрыць тых, хто перажывае пакуты і цяжкасці, - пажадаў Папа перад малітвай “Уладарка неба” 13 красавіка 2020 г.

Прапануем поўны пераклад на беларускую мову разважання Святога Айца, якое прагучала з бібліятэкі Апостальскага палаца:

“Сёння, у Панядзелак Анёла, зноў гучыць радаснае вестка пра ўваскрасенне Хрыста. Евангельскі ўрывак (пар. Мц 28,8-15) распавядае, што спалоханыя жанчыны, хутка пакінулі пустую магілу Езуса; але сам Езус аб’явіўся ім на шляху, кажучы: “Не бойцеся. Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, там Мяне ўбачаць” (Мц 28,10). Гэтымі словамі Уваскрослы даручыў жанчынам місійнае заданне ў адносінах да апосталаў.

“Яны, насамрэч, далі варты захаплення прыклад вернасці, адданасці і любові да Хрыста падчас Яго публічнага жыцця і падчас Яго мукі; цяпер Ён узнагародзіў іх гэтым жэстам увагі і выбранасці. Жанчыны заўсёды на пачатку…”

Спачатку жанчыны, а потым вучні, у прыватнасці Пётр, канстатавалі рэальнасць уваскрасення. Езус шматразова ім прадказваў, што пасля мукі і крыжа ўваскрэсне, але вучні не разумелі, таму што яшчэ не былі гатовыя. Іх вера павінна была зрабіць пераход на больш высокі ўзровень, што толькі Святы Дух, дар Уваскрослага, мог выклікаць.

Напачатку Кнігі Дзеяў Апосталаў, мы чулі як Пётр з мужнасцю абвяшчаў: “Гэтага Езуса ўваскрасіў Бог, чаму ўсе мы сведкі” (Дз 2,32). З таго часу, вестка аб уваскрасенні Хрыста распаўсюдзілася паўсюль і дасягнула кожнага кутка зямлі, становячыся пасланнем надзеі для ўсіх.

“Уваскрасенне Езуса кажа нам, што апошняе слова належыць не смерці, а жыццю. Уваскрасіўшы Адзінароднага Сына, Бог Айцец напоўніцу аб’явіў сваю любоў і міласэрнасць да чалавецтва ўсіх часоў.”

Калі Хрыстус уваскрос, можам з даверам глядзець на ўсе падзеі нашага жыцця, нават на самыя складаныя і поўныя трывогі і няпэўнасці. Вось пасхальнае пасланне, якое мы пакліканы абвяшчаць словамі, а ў першую чаргу, жыццёвым сведчаннем. Няхай у нашых дамах і нашых сэрцах зможа зноў загучаць гэта вестка: “Хрыстус, мая надзея, уваскрос!”. Няхай упэўненасць у гэтым умацуе веру кожнага ахрышчанага і падбадзёрыць асабліва тых, хто перажывае найбольшыя пакуты і цяжкасці.

Няхай Панна Марыя, маўклівая сведка смерці і ўваскрасення свайго сына Езуса, дапаможа нам моцна верыць у гэту таямніцу збаўлення, якая, калі прымаецца з верай, можа змяніць жыццё. Такое пасхальнае пажаданне я зноў скіроўваю да ўсіх. Давяраю яго Ёй, нашай Маці, да якой зараз звернемся з малітвай “Уладарка Неба”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў вернікаў і ўдзяліў сваё благаслаўленне.
 

13 красавіка 2020, 12:18