Пошук

Vatican News

Пантыфік прызначыў Віцэ-прэфекта Апостальскай бібліятэкі

20 красавіка 2020 г. Святы Айцец прызначыў Віцэ-прэфектам Апостальскай бібліятэкі Цімаці Джэймса Янца, дырэктара Аддзела друкаваных тэкстаў гэтай структуры і Scriptor graecus – спецыяліста па грэчаскіх тэкстах.

Янц нарадзіўся ў 1966 г. у швейцарскім Базэлі. Вывучаў старажытныя мовы ва Універсітэце Лаваля ў Канадзе і Сарбонскім універсітэце ў Францыі. Доктарскую дысертацыю абараніў у Оксфардскім універсітэце ў Вялікабрытаніі.

З’яўляецца аўтарам шматлікіх артыкулаў, манаграфій, рэцэнзій па грэчаскім перакладзе Святога Пісання, так званай Септуагінце, па класічных грэчаскіх тэкстах, а таксама па каталогу грэчаскіх манускрыптаў Апостальскай бібліятэкі. Браў удзел у сумесным з Бадліянскай бібліятэкай – бібліятэкай Оксфардскага ўніверсітэта – праекце па алічбоўцы старажытных кніг, якія захоўваюцца ў Ватыкане.

У 2011 г. быў прызначаны Scriptor graecus – галоўным спецыялістам па матэрыялах на грэчаскай мове ў ватыканскай бібліятэцы, а ў 2016 г. – дырэктарам Аддзела друкаваных тэкстаў. З’яўляецца членам Рады бібліятэкі.
 

21 красавіка 2020, 14:16