Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Францішак: перамагчы вірус “антыцеламі” любові і салідарнасці

Каронавірус выклікаў шмат пакут, але дапамог нам асэнсаваць сябе адзінай сям’ёй, - падкрэсліў Святы Айцец у інтэрв’ю іспанскаму выданню “Vida Nueva”.

Францішак перакананы, што перад абліччам сур’ёзных наступстваў COVID 19 нельга губляць надзеі. Заклік да евангельскай радасці – гэта не правакацыя і не кепскі жарт, бо пандэмія не будзе мець апошняга слова.

Пантыфік заўважыў, што прычынай для радасці з’яўляецца існаванне вялікай колькасці людзей, якія працягваюць змагацца і падтрымліваць іншых: медыкаў, работнікаў супермаркетаў, кіроўцаў грамадскага транспарту, паліцэйскіх, валанцёраў, святароў, манахінь, настаўнікаў і многіх іншых. Усе яны не перасталі рабіць тое, што маглі і павінны былі рабіць, - з удзячнасцю падкрэсліў Францішак.

Папа зазначыў, што навіна пра ўваскрасенне Езуса дасягнула евангельскіх жанчыны ў аналагічнай сітуацыі – калі здавалася, што ўсё страчана. “Бог ніколі не пакідае свой народ, пастаянна прабывае з Ім, асабліва, калі пакуты становяцца найбольш адчувальнымі”, - дадаў Святы Айцец.

“Калі ёсць штосьці, чаму нас павінен навучыць гэты момант, дык гэта тое, што ніхто не можа збавіцца ў адзіночку”, - сцвердзіў Пантыфік. Цяпер, на яго думку, важна быць разважлівымі і “адчуць пульс Духа”, каб даць пачатак новаму жыццю, якое Пан хоча стварыць у гэты канкрэтны момант гісторыі.

Францішак перакананы, што надзвычайную сітуацыю, выкліканую COVID 19 магчыма перамагчы “антыцеламі салідарнасці”. Людзі павінны зноў адчуць сябе “архітэктарамі і галоўнымі дзеючымі асобамі супольнай гісторыі”, разам “адказаць на шматлікія бедствы, якія абрынуліся на мільёны нашых братоў ва ўсім свеце”. “Мы не можам дазволіць сабе пісаць сучасную і будучую гісторыю, адвярнуўшыся ад пакут шматлікіх людзей”, - сцвердзіў ён.

Святы Айцец падкрэсліў, што “калі будзем паводзіць сябе як адзіны народ, таксама ў выпадку іншых “эпідэмій”, “будзем мець рэальны ўплыў”. Ён патлумачыў, што чалавецтва павінна даць супольны адказ на праблему голаду, войнаў, беднасці, знішчэння навакольнага асяроддзя, на выклік глабалізацыі абыякавасці. Каб перамагчы гэтыя з’явы, патрэбны “антыцелы” справядлівасці, любові і салідарнасці, - зазначыў Папа.

Францішак заклікаў не баяцца жыць цывілізацыяй любові, якая з’яўляецца адначасова “цывілізацыяй надзеі”, перамагаючы трывогу і страх, смутак і роспач, пасіўнасць і стомленасць. “Цывілізацыя любові будуецца дзень за днём, няспынна. Яна патрабуе высілкаў кожнага, для яе патрэбна адказная супольнасць братоў”, - сказаў Святы Айцец.
 

17 красавіка 2020, 14:14