Пошук

Vatican News

Францішак напісаў ліст да вулічнай прэсы

“Жыццё мільёнаў людзей, якія сутыкнуліся са шматлікімі складанымі праблемамі ў нашым свеце, людзей, прыгнечаных пандэміяй, змянілася і падвяргаецца сур’ёзнаму выпрабаванню”, - заўважыў Папа.

Францішак напісаў ліст да больш за сотні бясплатных вулічных газет, што выдаюцца на 25 мовах у 35 краінах свету, чытачамі і распаўсюджвальнікамі якіх з’яўляюцца, між іншым, мігранты, беспрацоўныя і бяздомныя – тыя сацыяльныя групы, у якія крызіс, выкліканы каронавірусам, ударыў найбольш сур’ёзна. Гэтыя выданні, заўважыў Пантыфік, забяспечваюць працаўладкаванне і заробак прыкладна 20 500 бяздомным у свеце.

Ён прывёў прыклад газеты “Scarp de’ tenis”, бясплатнага выдання італьянскай Caritas, якое дазваляе больш чым 130 асобам, што сутыкнуліся з цяжкасцямі, атрымліваць даходы і мець доступ да асноўных правоў грамадзян.

“Вось ужо шмат тыдняў вулічная прэса не распаўсюджваецца, а яе прадаўцы не маюць магчымасці працаваць. Таму я хацеў бы выказаць салідарнасць з журналістамі, валанцёрамі і людзьмі, якія жывуць з гэтых праектаў і якія цяпер робяць усё магчымае, дзякуючы мноству інавацыйных ідэй. Пандэмія ўскладніла вашу працу, але я ўпэўнены, што вялікая сетка вулічных выданняў вернецца мацнейшай, чым раней”, - напісаў Папа.

Францішак перакананы, што падчас крызісу “увага да самых бедных можа дапамагчы ўсім усвядоміць, наколькі шмат на самой справе адбываецца з намі і якім па-сапраўднаму з’яўляецца наш стан”.

“Дзякуй за працу, якую вы робіце, за інфармацыю, якую распаўсюджваеце, і пра гісторыі надзеі, якія расказваеце”, - завяршыў Пантыфік сваё пасланне да вулічнай прэсы.

27 красавіка 2020, 11:58