Пошук

Vatican News

Статыстыка Касцёла: больш католікаў, але менш святароў

У свеце расце колькасць біскупаў, але змяншаецца колькасць святароў, манахаў, манахінь і семінарыстаў. Самым “каталіцкім” кантынентам працягвае заставацца Амерыка.

25 сакавіка 2020 г. былі прадстаўлены два статыстычныя даведнікі Каталіцкага Касцёла: “Annuario Pontificio” за 2020 г. “Annuarium Statisticum Ecclesiae”, у якім публікуюцца дадзеныя за 2018 г.

З першага вынікае, што з пачатку 2019 г. у Каталіцкім Касцёле былі створаны чатыры новыя біскупскія кафедры, адна епархія, дзве тэрытарыяльныя прэлатуры і адзін апостальскі экзархат. Кафедрамі мітраполій сталі адна архідыяцэзія і чатыры дыяцэзіі; да рангу дыяцэзіі былі павышаны адна тэрытарыяльная прэлатура і адзін апостальскі вікарыят, да рангу епархіі – два апостальскія вікарыяты.

Дадзеныя, змешчаныя ў “Annuarium Statisticum”, сведчаць: за першыя пяць гадоў пантыфікату Францішка, з 2013 па 2018 гг., колькасць ахрышчаных католікаў у свеце павялічылася на 6% або на 75 млн чалавек – з 1 254 млрд да 1 329 млрд.

Католікі складаюць крыху менш за 18% жыхароў планеты. Адносна агульнай колькасці насельніцтва іх больш за ўсё ў Паўднёвай і Паўночнай Амерыцы – разам 63,7%. У Еўропе – гэта 39,7%, у Акіяніі (разам з Аўстраліяй) – 26,3%, у Афрыцы – 19,4% і ў Азіі – 3,3%.

Колькасць біскупаў за першыя пяць гадоў пантыфікату Францішка павялічылася на 3,9% – з 5 173 да 5 337. Больш за ўсё лічбы выраслі ў Акіяніі (+4,6%), за якой ідуць Амерыка і Азія (разам +4,5%), Еўропа (+4,1%) і Азія (+1,4%).

Святароў у свеце стала менш на 0,3%. У перыяд з 2013 па 2014 гг. колькасць прэзбітэраў на планеце павялічылася на 1400 чалавек, але ў перыяд з 2016 па 2018 гг., наадварот, знізілася. Рост назіраецца толькі ў Афрыцы і Азіі, адпаведна на 14,4% і 11%. У Амерыцы колькасць святароў застаецца стабільнай і складае каля 123 тыс. чалавек, у Еўропе і Акіяніі – знізілася, адпаведна на 7% і 1%.

На працягу апошніх гадоў назіраецца стабільны рост колькасці пастаянных дыяканаў. З 2013 па 2018 г. іх стала больш на 10%, з 43 195 да 47 504.

Працягвае зніжацца колькасць законных братоў, якія не маюць святарскага пасвячэння, з 55 тыс. да 51 тыс. (– 8%) за апошняе пяцігоддзе. Гэта тэндэнцыя тычыцца ўсіх кантынентаў за выключэннем Афрыкі і Азіі, дзе назіраецца прырост, адпаведна на 6,8% і на 3,6%.

Адмоўная дынаміка назіраецца па колькасці манахінь. З 2013 па 2018 гг. лічбы знізіліся на 7,5% – з 649 тыс. да 642 тыс. У Еўропе сясцёр стала менш на 15%, у Акіяніі – на 14,8%, у Амерыцы – на 12%. У Афрыцы і Азіі іх колькасць, наадварот, павялічылася, адпаведна на 9% і на 2,6%.

Семінарыстаў у свеце за першае пяцігоддзе пантыфікату Францішка стала менш на 2%. У 2013 г. іх налічвалася 118 251, а ў 2018 г. – 115 880 чалавек. Значнае зніжэнне колькасці навучэнцаў духоўных семінарый назіралася ў Еўропе і Амерыцы, адпаведна на 15,6% і 9,4%. У Афрыцы, наадварот, кандыдатаў да святарства стала больш на 15,6%.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 сакавіка 2020, 11:41