Пошук

Vatican News

Папа запэўніў у малітве ўдзельнікаў курыяльных рэкалекцый

Папа скіраваў ліст да кс. Пьетра Баваці – езуіта і тэолага, які праводзіць духоўныя практыкаванні для высокіх іерархаў Рымскай курыі. Яны пачаліся 1 сакавіка 2020 г. у Арыча.

Святы Айцец не змог прыняць удзел у рэкалецыях па прычыне прастуды, але запэўніў сваіх бліжэйшых супрацоўнікаў у малітве і благаслаўленні, а таксама падкрэсліў, што будзе сачыць за духоўнымі практыкаваннямі са сваёй рэзідэнцыі ў Ватыкане. “Я буду суправаджаць вас адсюль. Здзейсню рэкалекцыі ў маім пакоі, слухаючы пропаведзі кс. Баваці, якому вельмі ўдзячны. Малюся за вас і вы, калі ласка, маліцеся за мяне”, - напісаў у пасланні Пантыфік.

У сваіх першых медытацыях кс. Баваці спаслаўся на гісторыю Майсея, каб нагадаць, што малітва патрабуе слухання Бога ў цішыні. Малітва, гэта размова “тварам у твар”, падчас якой Бог прамаўляе да чалавека як да сябра, - заўважыў езуіт.

“Такім чынам, блізкасць з Богам не мае нічога супольнага ні з зануранасцю ў рэлігійныя справы, ні з добрай тэалагічнай ці біблійнай падрыхтоўкай. Яна з’яўляецца выключным плёнам сапраўднай малітвы, у якой чалавеку даецца магчымасць убачыць, адчуць асалоду поўнай любові задумы Бога, Яго жадання рабіць дабро канкрэтна, неадкладна і шчодра. Без гэтага досведу блізкасці не можа быць па-сапраўднаму рэлігійнага жыцця, але толькі – у лепшым выпадку, – выкананне службовых абавязкаў у сакральнай сферы”, - сказаў прапаведнік.

Кс. Баваці заўважыў, што малітва і чаканне сыходжання Святога Духа неабходна таксама для духоўнага абнаўлення Касцёла, для якога недастаткова толькі дысцыплінарных і адміністрацыйных новаўвядзенняў. Трэба цалкам сканцэнтраваць сэрца на сустрэчы з Богам, - падкрэсліў рэкалекцыяніст.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 сакавіка 2020, 11:25