Пошук

Vatican News

Папа: прага справядлівасці – у сэрцы кожнага чалавека

Евангелле Езуса Хрыста – самая вялікая справядлівасць, якую можна прапанаваць душы чалавецтва, - падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі 11 сакавіка 2020 г.

У сувязі з эпідэміяй каронавіруса, аўдыенцыя прайшла ў іншым, чым звычайна, фармаце: без прысутнасці вернікаў. Францішак прамаўляў з бібліятэкі Апостальскага палаца ў Ватыкане, у якой звычайна прымае высокапастаўленых гасцей. За прамым эфірам можна было сачыць у ватыканскіх СМІ, у тым ліку Vatican News, і ў іншых міжнародных медыя.

Працягваючы катэхетычны цыкл, прысвечаны евангельскім благаслаўленням, Пантыфік засяродзіў увагу на чацвёртым: “Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны будуць насычаны” (Мц 5,6). Ён заўважыў, што голад і прага – першасныя патрэбы, якія тычацца выжывання чалавека.

“Але што значыць мець голад і прагу справядлівасці?”. Адказваючы на гэта пытанне Папа заўважыў, што гаворка не ідзе пра жаданне помсты, хоць “чалавечае грамадства неадкладна патрабуе роўнасці, праўды і сацыяльнай справядлівасці”, а Бог пакутуе ад болю сваіх дзяцей. “Голад і прага справядлівасці, пра якую кажа Пан, з’яўляюцца глыбейшымі, чым законная патрэба ў чалавечай справядлівасці, якую кожны носіць у сваім сэрцы”, - падкрэсліў Святы Айцец.

У Нагорным казанні Езус мае на ўвазе справядлівасць, большую за чалавечае права ці асабістую дасканаласць. Хрыстус падкрэсліў: “Калі справядлівасць ваша не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае” (Мц 5,20). Гэта і ёсць справядлівасць, якая паходзіць ад Бога, - патлумачыў Францішак.

“У Святым Пісанні мы знаходзім выраз прагі, глыбейшай за фізічную, якая з’яўляецца жаданнем, што знаходзіцца ў самай глыбіні нашага быцця. Псальм кажа: “Божа, Ты мой Бог, Цябе шукаю, Цябе прагне душа мая, маё цела па Табе тужыць у зямлі пустыннай, засохлай і бязводнай” (Пс 63,2). Айцы Касцёла казалі пра гэты плённы неспакой, што жыве ў сэрцы чалавека. Св. Аўгустын сцвярджаў: “Ты стварыў нас для Сябе, і не ведае пакою сэрца наша, пакуль не супакоіцца ў Табе”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што існуе ўнутраны голад і неспакой, які кожны чалавек носіць у сэрцы і які з’яўляецца нічым іншым як жаданнем Бога.

“У сэрцы кожнага чалавека, нават самага сапсутага і далёкага ад дабра, схавана гарачае імкненне да святла. Нават калі ён знаходзіцца пад руінамі ілжы і памылак, заўсёды мае прагу праўды і дабра, якая з’яўляецца прагай Бога. Гэта Святы Дух стварае такую прагу: менавіта Ён з’яўляецца жывой вадой, якая перамяняе наш прах, менавіта Ён – подых Стварыцеля, які даў нам жыццё”

, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што Касцёл пасланы абвяшчаць усім Божае слова, напоўненае Святым Духам, бо Евангелле Езуса Хрыста – самая вялікая справядлівасць, якую можна даць душы чалавецтва. Чалавецтва мае патрэбу ў такой справядлівасці, нават калі не ўсведамляе гэтага, - лічыць Святы Айцец.

“Напрыклад, калі мужчына і жанчына бяруць шлюб, яны маюць намер пабудаваць штосьці вялікае і прыгожае, а калі будуць падтрымліваць гэта прагненне, заўсёды знойдуць шлях, каб ісці наперад, пасярод праблем, з дапамогай Божай ласкі. Таксама і моладзь мае такі голад і не павінна яго згубіць! І ў сэрцах дзяцей трэба бараніць і ўмацоўваць гэта жаданне любові, ласкавасці, гасціннасці, якое яны выражаюць у сваіх шчырых і светлых імкненнях”, - сцвердзіў Папа.
Францішак зазначыў, што кожны чалавек пакліканы адкрыць тое, што з’яўляецца па-сапраўднаму каштоўным, у чым ён па-сапраўднаму мае патрэбу, што дапаможа яму жыць добра, а ў той жа час, ён пакліканы асэнсаваць, што з’яўляецца другасным і без чаго можна спакойна абысціся.

Пантыфік падкрэсліў, што гаворачы пра голад і прагу справядлівасці, Езус кажа пра існавання такога прагнення, якое адпавядае Божаму сэрцу. На заканчэнне катэхезы Францішак заклікаў маліцца аб празе знайсці і ўбачыць Бога, а таксама рабіць дабро іншым людзям.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 сакавіка 2020, 12:52