Пошук

AdobeStock_318596849.jpeg

Пантыфік: молімся за перапалоханых пандэміяй

За тых, хто ўпаў у апатыю, спужаўшыся пандэміі каронавіруса, Францішак маліўся 30 сакавіка 2020 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую з капліцы Дома св. Марты трансліравалі ватыканскія СМІ.

“Давайце памолімся сёння за шматлікіх людзей, якія не ў стане пазбірацца: яны жахнуліся гэтай пандэміі. Няхай Пан дапаможа ім устаць, адрэагаваць на карысць усяго грамадства і ўсёй супольнасці”, - заахвоціў Папа падчас уступу да св. Імшы.

Ён завяршыў цэлебрацыю Эўхарыстычнай адарацыяй і благаслаўленнем, запрасіўшы вернікаў да духоўнай св. Камуніі.

Падчас адарацыі Францішак прамовіў адмысловую малітву: “Да ног Тваіх, Езу, схіляюся і прыношу Табе пакаянне ў сэрцы маім, нічога не вартае ў параўнанні з Тваёй святой прысутнасцю. Сузіраю Цябе ў сакрамэнце Тваёй любові, у невымоўнай Эўхарыстыі. Жадаю прыняць цябе ў беднасці майго сэрца. Чакаючы шчасця сакрамэнтальнай св. Камуніі, хачу прыняць Цябе духоўным чынам. Прыйдзі да мяне, о Езу мой, як я прыходжу да Цябе. Няхай Твая любоў запаліць усю маю сутнасць, у жыцці і ў смерці. Веру ў Цябе, спадзяюся на Цябе, люблю Цябе. Няхай так будзе!”.

На завяршэнне літургіі ў капліцы Дома св. Марты, прысвечанай Святому Духу, прагучала старажытная марыйная антыфона Ave Regina Caelorum.

30 сакавіка 2020, 12:14