Пошук

Vatican News

Ліст салідарнасці Святога Айца да жыхароў Паўночнай Італіі

У цяжкі момант пакут і смерцяў па прычыне коронавіруса Францішак накіраваў ліст у рэдакцыю газеты “Il Mattino di Padova”, падкрэсліваючы, што гэтыя часы адзначаны таксама выдатнымі выпадкамі сведчання добрай волі.

Сваю блізкасць і суцяшэнне Папа выказаў жыхарам Падуі – “Еўрапейскай сталіцы валанцёрства 2020 года”, усіх гарадоў Італіі, грамадзянскай супольнасці, хрысціянам і іх пастырам. Асаблівая ўвага ў тэксце надаецца зняволеным і работнікам пенітэнцыярнай службы горада: Святы Айцец папрасіў іх скласці разважанні сёлетняга Крыжовага Шляху ў Калізеі.

“Пішу Вам, каб сімвалічна звярнуцца да ўсіх. Пакуты і смерць, якія вы – як і іншыя вобласці Італіі – перажываеце па прычыне віруса, з’яўляюцца для мяне нагодай для малітвы і чалавечай блізкасці. Але гэта і прычына хрысціянскай надзеі: нават у такія моманты Бог вядзе дыялог з намі. Чалавек павінен умець распазнаць у гэтым голасе правадыра, каб працягваць будаваць тут, на зямлі, маленькую часцінку Божага Валадарства”, - напісаў Пантыфік галоўнаму рэдактару газеты.

“Гэтая небяспечная сітуацыя дазваляе ўбачыць, на што здольныя людзі добрай волі”: у першую чаргу медыцынскія і санітарныя работнікі.

“Добрая воля – заўсёды звязаная з пачуццём глыбокай адказнасці і супрацоўніцтвам з кампетэнтнымі ўладамі – становіцца той дадатковай каштоўнасцю, у якой свет так востра мае патрэбу”

, - звярнуў увагу Пантыфік.

Францішак спаслаўся на сёлетні статус Падуі, як сталіцы еўрапейскага валанцёрства. “Для вашага горада гэта выдатная магчымасць расказаць свету пра вашу ДНК, якая складаецца з шчодрага выкарыстання часу і аддачы сваіх талентаў. Я ведаю добрае сэрца жыхароў венецыянскага рэгіёну: ганарыцеся сваёй гісторыяй і будзьце адказныя за ўсё добрае, што было пасеяна вашымі папярэднікамі!”, - пажадаў ён.

“Сёння мы паддаёмся спакусе выкідаць, а не рамантаваць, разрываць, а не сшываць: гэты лёс мы прызначаем не толькі для прадметаў, але і для людзей, асабліва для самых бездапаможных. І ўсё ж асабістыя гісторыі людзей з’яўляюцца для нас самай важнай спадчынай: нікому з іх нельга адмаўляць у любячым поглядзе ўвагі і ў добрым жэсце, ва ўчынках, якія будуць сведчыць пра тое, наколькі важны і любімы іншы чалавек, у якой бы жыццёвай сітуацыі ён ні апынуўся”, - адзначыў у сваім лісце Пантыфік.

Францішак скіраваў сваё благаслаўленне ў першую чаргу тым, хто аплаквае сваіх любімых, пажылым, хворым і зняволеным, “якія па прычыне надзвычайнай сітуацыі не могуць прыняць нават самы элементарны візіт суцяшэння”.

Навіна ў фармаце аўдыё
12 сакавіка 2020, 11:47