Пошук

Vatican News

Францішак скіраваў пасланне на Сусветны дзень моладзі

“Хлопча, кажу табе, устань!” – гэтыя словы з Евангелля св. Лукі (7,14) сталі тэмай паслання Папы на ХХХV Сусветны дзень моладзі. Ён будзе адзначацца ў Пальмовую нядзелю, 5 красавіка 2020 г., на дыяцэзіяльным узроўні.

Дакумент стаў першым з трох зваротаў, якія Святы Айцец скіруе да юнакоў і дзяўчат у бліжэйшыя гады ў кантэксце падрыхтоўкі да Сусветных дзён моладзі, што пройдуць у 2022 г. у Лісабоне.

Папа заклікаў моладзь па прыкладзе Езуса заўважаць вакол сябе пакуты і смерць, якія могуць быць не толькі фізічнымі, але і духоўнымі. Перад абліччам такіх сітуацый важна заставацца спагадлівымі, станавіцца носьбітамі надзеі ў свеце. Нельга ігнараваць пакутуючых людзей, трэба набліжацца да іх і “дакранацца” разам з Езусам. Такім чынам “вы зможаце перадаць жыццё вашым сябрам, духоўна нежывым, якія пакутуюць ці згубілі веру і надзею”, - параіў Пантыфік.

Францішак нагадаў моладзі, што слова “устаць”, з якім Езус звярнуўся да памерлага юнака з Наіну, значыць таксама “уваскрэснуць, абудзіцца да жыцця”. Ён прапанаваў прачытаць евангельскі ўрывак – гэта дапаможа зрабіць рашучы крок у наследаванні Хрыста.

“Евангелле не называе імя юнака, якога Езус уваскрасіў у Наіне. Гэта заклік да таго, каб чытач атаясамліваў сябе з ім. Езус прамаўляе да цябе, да мяне, да кожнага з нас, і кажа: “Устань!”. Мы добра ведаем, што таксама і мы, хрысціяне, падаем і пастаянна павінны ўздымацца. Не падае толькі той, хто не ідзе; але ён не ідзе наперад. Таму трэба прыняць умяшанне Хрыста і зрабіць учынак веры ў Яго. Першым прынятым павінна быць уставанне!”, - заклікаў моладзь Папа.

Святы Айцец нагадаў таксама, што заклік “устаць” некалькі разоў паўтараецца ў яго паслясінадальнай адгартацыі “Christus vivit”, што падкрэслівае сувязь паміж Сінодам, прысвечаным моладзі, і Сусветнымі днямі моладзі.

Тэмай Сусветных дзён моладзі, якія будуць адзначацца на дыяцэзіяльным узроўні у 2021 г. сталі словы з кнігі Дзеяў Апосталаў: “Падыміся і ўстань на ногі свае, бо для таго Я з’явіўся табе, каб зрабіць цябе слугою і сведкам” (Дз 26,16). У 2022 г. Сусветныя дні моладзі пройдуць на міжнародным узроўні. Іх тэмай стане радок з Евангелля св. Лукі: “Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла” (1,39).

Навіна ў фармаце аўдыё
05 сакавіка 2020, 13:00