Пошук

Калонка рэдактара
Vatican News

Францішак адзначае сёмую гадавіну пантыфікату

“Простае і канкрэтнае суправаджэнне” люду Божага: так ахарактарызаваў служэнне Францішка Андрэа Тарніелі, галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ, у артыкуле, прысвечаным сёмай гадавіне пантыфікату.

Аўтар заўважыў, што ў гэтым годзе ўспамін адзначаецца ў драматычных ўмовах супрацьстаяння чалавецтва пандэміі вірусу COVID-19, якія, аднак, толькі робяць больш яскравай руплівасць, з якой Пантыфік клапоціцца пра даручаных яму вернікаў.

Журналіст падкрэсліў, што ў гэты крытычны перыяд Папа працягвае суправаджаць народ Божы малітвай, даручэннем сябе і ўсіх людзей добрай волі Марыі і штодзённай цэлебрацыяй Эўхарыстыі, якая з капліцы Дома св. Марты ў Ватыкане трансліруецца ў прамым эфіры.

Андрэа Тарніелі выказаў меркаванне, што менавіта гэтыя св. Імшы – “штодзённыя цэлебрацыі Папы-пробашча, які прапаведуе малым групам вернікаў, расказваючы пра тое, што выклікала ў ім разважанне над Божым Словам з літургіі дня” – увасабляюць адно з найбольш істотных новаўвядзенняў цяперашняга пантыфікату.

Італьянскі ватыканіст прыгадаў гамілію Францішка ў Папяльцовую Сераду, калі Святы Айцец нагадаў, што “мы – толькі прах у сусвеце, але прах, умілаваны Богам.., прызначаны да вечнага жыцця”, і адзначыў, што пацвярджэннем надзеі і руплівасці, якімі Папа імкнецца ахапіць увесь народ Божы, можа служыць яго заклік, агучаны падчас св. Імшы 10 сакавіка 2020 г., калі ён заахвоціў святароў мужна несці моц Божага Слова і Эўхарыстыі ўсім хворым і патрабуючым, падтрымліваць медыкаў і валанцёраў у іх працы.

Нагадаем, што Францішак быў абраны на Пасад св. Пятра 13 сакавіка 2013 г. па выніках канклаву, скліканага пасля таго як месяцам раней, 11 лютага 2013 г., Бэнэдыкт XVI аб’явіў аб сваім рашэнні сысці з пасады Біскупа Рыма.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 сакавіка 2020, 14:18