Пошук

1583667753412.jpg

“Анёл Панскі”: чалавечая форма не выражае ўсёй рэальнасці Езуса

Быць сведкамі Езуса – гэта дар, якога мы не заслужылі: мы адчуваем сябе нявартымі, але не можам адступіць пад падставай нашай недастойнасці, - сказаў Францішак 8 сакавіка 2020 г. падчас “Анёл Панскі”.

Прапануем поўны тэкст разважання Пантыфіка:

“Евангелле сённяшняй Другой нядзелі Вялікага посту (Мц 17, 1-9) прапануе апісанне Перамянення Пана: Ён узяў з сабой Пятра, Якуба і Яна і падняўся на высокую гару, якая з’яўляецца сімвалам блізкасці з Богам, каб адкрыць іх для поўнага разумення таямніцы сваёй Асобы: Яму давядзецца пакутаваць, памерці і ўваскрэснуць. Сапраўды, Езус пачаў расказваць ім пра пакуты, смерць і ўваскрасенне, якія чакаюць Яго, але яны не маглі прыняць гэтую перспектыву. Таму, калі дасягнулі вяршыні гары, Езус паглыбіўся ў малітву і перамяніўся перад трыма вучнямі: “Аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло” (Мц 17, 2).

Праз цудоўную падзею Перамянення Пана тры вучні закліканы распазнаць у Езусе Сына Божага, Які ззяе ў хвале. Такім чынам яны паглыбляюць знаёмства з сваім Настаўнікам, разумеючы, што чалавечая форма не выражае ўсёй Яго рэальнасці; перад іх вачамі паўстала незямное і Боскае вымярэнне Езуса, і голас звыш сказаў: “Гэта Сын Мой Умілаваны… Яго слухайце” (Мц 17, 5). Нябесны Айцец пацвярджае “уступленне ў паўнамоцтвы” – давайце назавём гэта так – Езуса, якое адбылося ўжо ў дзень хросту ў Ярдане, і заклікае вучняў слухаць Яго і ісці за Ім.

Варта падкрэсліць, што сярод групы Дванаццаці Езус вырашае забраць з сабой на гару Пятра, Якуба і Яна. Ён надае ім прывілею быць сведкамі Перамянення. Чаму ён абраў менавіта гэтых трох? Бо былі самымі святымі? Не! У гадзіну выпрабавання Пётр адрокся ад Яго; а двое братоў Якуб і Ян прасілі першыя месцы ў Яго Валадарстве (Мц 20, 20-23). Але Езус выбірае не паводле нашых крытэрыяў, а згодна з сваім планам любові. Любоў Езуса не мае меры. Гэта любоў, і Ён выбірае згодна з ёй. Гэта бязвыплатны і безумоўны выбар, свабодная ініцыятыва, сяброўства Бога, якое нічога не патрабуе ўзамен. І як паклікаў гэтых трох вучняў, так і сёння Ён кліча некаторых, каб яны былі побач з Ім, каб маглі сведчыць. Быць сведкам Езуса – гэта дар, якога мы не заслужылі: мы адчуваем сябе нявартымі, але не можам адступіць пад падставай нашай недастойнасці.

Мы не былі на гары Табор, не бачылі ўласнымі вачыма аблічча Езуса, якое ззяла, як сонца. Аднак нам таксама было дадзена Слова Збаўлення, нам дадзена вера, мы перажывалі ў розных формах радасць сустрэчы з Езусам. Таксама нам Ён кажа: “Устаньце і не бойцеся” (Мц 17, 7). У гэтым свеце, адзначаным эгаізмам і сквапнасцю, Божае святло засланяецца штодзённымі клопатамі. Мы часта гаворым: у мяне няма часу на малітву, я не ў стане выканаць маё парафіяльнае служэнне, адказаць на просьбы іншых людзей... Але мы не павінны забываць, што прыняты намі хрост зрабіў нас сведкамі не па прычыне нашых здольнасцей, а дзякуючы дару Духа.

Няхай Дзева Марыя выпрасіць для нас падпарадкаванне Духу Святому ў гэты спрыяльны перыяд Вялікага посту, неабходны нам для ўступлення на шлях навяртання”, - сказаў Францішак.

На завяршэнне сваёй сустрэчы з вернікамі, Святы Айцец падышоў да акна Прыватнай бібліятэкі, павітаў прысутных на ватыканскай плошчы вернікаў і благаславіў іх.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 сакавіка 2020, 14:36