Пошук

1582454257639.JPG

Папа: прасіць Бога аб ласцы любові і прабачэння

Адзіны дазволены хрысціянскі экстрэмізм, гэта экстрэмізм любові, - падкрэсліў Папа падчас св. Імшы, якую 23 лютага 2020 г. цэлебраваў у італьянскім горадзе Бары.

У гаміліі Пантыфік спаслаўся на старажытны закон: “Вока за вока, зуб за зуб”. Ён азначаў: у таго, хто забірае нешта ў цябе, ты забярэш тое ж самае. Папа падкрэсліў, што насамрэч, гэты закон быў вялікім прагрэсам, бо забаранялася яшчэ горшая адплата: калі хтосьці зрабіў табе зло, ты адплачваў яму тым жа, не мог зрабіць яму яшчэ горш.

“Вырашэнне канфлікта ў нічыю было крокам наперад. Але Езус пайшоў яшчэ далей, нашмат далей: “А Я вам кажу: не адплачвайце злому” (Мц 5,39). Але як гэта, Пане? Калі нехта кепска думае пра мяне, калі нехта робіць мне зло, я не магу адплаціць яму той жа манетай? “Не”, - кажа Езус: ніякага насілля”

, - сказаў Папа.

Францішак патлумачыў, што Езус заклікае любіць ворагаў, бо Нябесны Айцец заўсёды любіць усіх. Менавіта так жыў Езус: “Ён не паказваў пальцам на тых, хто Яго несправядліва асудзіў і бязлітасна забіў, але раскрыў для іх абдымкі на крыжы і прабачыў тых, хто прабіў Яму цвікамі запясці (пар. Лк 23,33-34)”, - нагадаў Папа. Гэта шлях для тых, хто хоча называць сябе хрысціянамі.

“Умілаваныя Богам, мы пакліканы любіць; прабачаныя – прабачаць; кранутыя любоўю – дарыць любоў, не чакаючы, калі іншыя пачнуць рабіць гэта; збаўленыя задарма, не будзем шукаць ніякай выгады ад дабра, якое робім”

, - сказаў ён.

Папа падкрэсліў, што Езус не перабольшвае. Ён кажа прама і ясна, цытуе старажытны закон і ўрачыста абвяшчае: “Але Я кажу вам: любіце ворагаў вашых”. “Любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто вас пераследуе – вось хрысціянская навіна, вось, хрысціянская адметнасць. Маліцца і любіць: гэта тое, што мы павінны рабіць; не толькі ў адносінах да тых, хто любіць нас, не толькі сябрам, не толькі нашаму народу, бо любоў Езуса не ведае межаў і бар’ераў. Пан просіць у нас адважнай любові без разліку, бо мера Езуса – гэта любоў без меры. Як часта мы забываем пра Яго просьбы і паводзім сябе як усе! Але запаведзь любові – гэта не простая правакацыя. Яна знаходзіцца ў сэрцы Евангелля”, - нагадаў Пантыфік. 

“Пан заклікае нас да экстрэмізму любові. Існуе адзіны дазволены хрысціянскі экстрэмізм – экстрэмізм любові”

, - дадаў Папа.

Францішак заклікаў не засяроджвацца на зле, якое робяць іншыя людзі, але пачаць “раззбройваць” сэрца з любові да Бога. “Вось рэвалюцыя Езуса, самая вялікая ў гісторыі: ад нянавісці да ворага – да любові да ворага, ад культу наракання – да культу прабачэння. Калі мы належым Езусу, гэта наш шлях!”, - сказаў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што логіка любові і прабачэння можа здавацца пройгрышнай у вачах свету, але яна “выйгрышная ў вачах Бога”. “Бог бачыць далей. Ён ведае, як здабыць перамогу. Ён ведае, што зло перамагаецца толькі дабром. Ён збавіў нас такім чынам: не мячом, але крыжам. Любіць і прабачаць – значыць жыць, як пераможцы. Мы прайграем, калі будзем бараніць веру сілай. Пан паўтарыў бы і нам словы, якія сказаў Пятру ў Гефсіманіі: “Схавай меч у ножны” (Ян 18,11)”, - сказаў ён.

“У сучаснай Гефсіманіі, у нашым абыякавым і несправядлівым свеце, дзе здаецца назіраецца агонія надзеі, хрысціянін не можа рабіць як тыя вучні, якія спачатку хапаліся за меч, а потым уцякалі. Выйсце не ў даставанні мяча супраць кагосьці і не ва ўцёкаў ад эпохі, у якую жывём. Выйсце – гэта шлях Езуса: актыўная любоў, пакорная любоў, любоў “дарэшты” (Ян 13,1)”

, - дадаў Францішак.

Пантыфік заўважыў, што Езус, сваёй бязмежнай любоўю ўздымае планку нашай чалавечнасці. Ён заклікаў маліцца аб ласцы любові і прабачэння, таму што “на світанку жыцця, будзем асуджаны паводле любові”.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 лютага 2020, 12:59