Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец благаславіў “агонь міру”

Францішак благаславіў агонь, які будзе пілігрымаваць па гарадах, звязаных з асобай св. Бэнэдыкта, заснавальніка каталіцкага манаства і нябеснага апекуна Еўропы.

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 19 лютага 2020 г. прайшла ў Ватыкане, Папа сустрэўся з прадстаўнікамі штогадовай ініцыятывы “Pro Pace et Europa Una” (За мір і адзіную Еўропу). У яе рамках з 22 лютага па 21 сакавіка пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя св. Бэнэдыкту.

Акцыя пачнецца 22 лютага ў італьянскай Норчы – родным горадзе апекуна Еўропы, моцна разбураным падчас землятрусу 2016 г. Перад мясцовай базылікай благаслаўлёны Папам агонь будзе змешчаны ў адмысловым “бэнэдыктынскім факеле”. Цягам наступных тыдняў ён наведае Будапешт, дзе адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў усіх бэнэдыктынскіх абацтваў краіны, а таксама італьянскія гарады Субіяка і Касіна, звязаныя з жыццём і дзейнасцю св. Бэнэдыкта. Фінальныя мерапрыемствы ініцыятывы – навуковыя, музычныя і культурныя – пройдуць 20-21 сакавіка ў знакамітым італьянскім абацтве Монтэ-Касіна. Яны супадуць з літургічным успамінам заснавальніка бэнэдыктынаў.

Факел, які носіць імя св. Бэнэдыкта, з’яўляецца сімвалам братэрства і міру, заснаваных на Евангеллі, і запальваецца ў знак закліку да знішчэння палітычных, ідэалагічных і рэлігійных бар’ераў. Традыцыя нарадзілася пасля таго, як у 1964 г. папа Павел VI абвясціў св. Бэнэдыкта нябесным заступнікам Еўропы.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 лютага 2020, 12:43