Пошук

Vatican News
Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Святы Айцец: шлях да пакоры праходзіць праз прыніжэнні

Замест таго каб баяцца прыніжэнняў, лепш прасіць Пана, каб дазволіў нам іх зведаць і праз гэта зрабіў нас пакорнымі: тады зможам лепш наследаваць Езуса Хрыста, перакананы Францішак.

7 лютага 2020 г., падчас ранішняй св. Імшы ў ватыканскім Доме св. Марты, Пантыфік, каментуючы евангельскі ўрывак з Літургіі слова (Мк 6, 14-29), заклікаў прысутных ісці дарогай, якую паказалі Езус і Ян Хрысціцель, – дарогай прыніжэння.

“Вельмі яскрава пра гэта кажа апостал Павел у сваім Пасланні да Філіпянаў: “[Езус] прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай” (Флп 2, 8). І гэтая крыжовая смерць, гэтая дарога вырачэння, прыніжэння – таксама і нашая дарога, дарога, якую паказвае Бог, каб хрысціяне рухаліся наперад”, - сказаў Папа.

Ён заўважыў, што абодва – і Езус, і св. Ян – выпрабоўваліся спакусай пыхлівасці і ганарыстасці, зазналі моманты “чалавечага і духоўнага ўпадку” і скончылі зямное жыццё найбольш зневажальным чынам. З гэтага Папа заключыў, што немагчыма быць “пакорнымі без прыніжэнняў”.

“Калі мы намагаемся, каб нас заўважылі – у Касцёле, у супольнасці, – хочам мець пэўную пасаду ці іншую рэч, то гэта дарога свету, мірская дарога, не дарога Езуса”, - перасцярог Францішак.

Пры гэтым ён дадаў, што спакуса такога ўзвышэння пагражае нават душпастырам, а таму заклікаў памятаць, што душпастыр, які не ідзе дарогай прыніжэння, не з’яўляецца вучнем Езуса: “гэта кар’ерыст у сутане”. “Не існуе пакоры без прыніжэння”, - завяршыў гамілію Святы Айцец.
 

Навіна ў фармаце аўдыё
07 лютага 2020, 11:19