Пошук

Vatican News

Святы Айцец пра экалагічнасць, інклюзіўнасць і мірнасць адукацыі

Адукацыя – гэта дынамічная рэальнасць, рух, арыентаваны на ўсебаковае развіццё чалавека ў яго індывідуальным і сацыяльным вымярэнні, - заўважыў 20 лютага 2020 г. Папа.

Сустракаючыся ў Ватыкане з калектывам Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі, Францішак падкрэсліў некалькі ўласцівасцей адукацыйнай місіі Касцёла. Першай ён назваў экалагічнасць, паколькі сапраўдная адукацыя “засяроджваецца на чалавеку ў яго цэласнай рэчаіснасці, мае на мэце давесці яго да пазнання самога сябе, агульнага дома, у якім ён можа жыць, і, перш за ўсё, да адкрыцця братэрства як адносін, што ствараюць мультыкультурны склад чалавецтва, крыніцы ўзаемнага ўзбагачэння”.

Адукацыя – гэта таксама інклюзіўны рух, скіраваны да ўсіх выключаных: ахвяр беднасці, войнаў, голаду, стыхійных бедстваў, сацыяльнай выбарачнасці, сямейных і экзістэнцыяльных цяжкасцей. Пантыфік заўважыў, што “інклюзіўнасць не з’яўляецца сучаснай вынаходкай, гэта неад’емная частка хрысціянскага збаўчага паслання”.

Яшчэ адна рыса адукацыі – рух у падтрымку міру. Яна супрацьстаіць “эгалатрыі”, якая стварае пералом паміж пакаленнямі, народамі, культурамі, паміж багатым і бедным, мужчынам і жанчынай, эканомікай і этыкай, чалавецтвам і навакольным асяроддзем. Таму адна з мэт адукацыі, лічыць Папа, навучыць людзей разумець, што разнастайнасць не перашкаджае адзінству; яна неабходныя для ўзбагачэння ўласнай ідэнтычнасці і асобы.

Яшчэ адным тыповым элементам адукацыі з’яўляецца падтрымка каманднага духу, разумення, што выхаваўчы працэс – “гэта ніколі не намаганні асобнага чалавека ці ўстановы”. У яе рамках адбываецца ўзаемадзеянне паміж сем’ёй, настаўнікамі, культурнымі, грамадскімі і рэлігійнымі аб’яднаннямі, грамадзянскай і чалавечай супольнасцю.

На думку Францішка, “каманднасць” ужо даўно перажывае крызіс. Менавіта таму, прызнаўся Папа, ён адчуў неабходнасць арганізаваць 14 мая Дзень на карысць глабальнага адукацыйнага пакта, даручыўшы гэта Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі. Гэта зварот, накіраваны ўсім, хто нясе палітычную, адміністрацыйную, рэлігійную і адукацыйную адказнасць. Ніколі раней, лічыць Пантыфік, настолькі востра не стаяла задача “аб’яднання намаганняў у шырокім адукацыйным саюзе для падрыхтоўкі дарослых людзей, здольных пераадолець раздробленасць і супрацьстаянне і аднавіць тканіну адносін на карысць больш братэрскага чалавецтва”.

Святы Айцец пажадаў калектыву Кангрэгацыі плённай дзейнасці, асабліва ва ўдасканаленні сферы каталіцкай адукацыі і душпастырства ўніверсітэтаў.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 лютага 2020, 13:08