Пошук

Vatican News
Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Папа: рух і здольнасць здзіўляцца патрэбны сучасным хрысціянам

Хрысціянскае жыццё патрабуе дынамікі і здольнасці здзіўляцца, - падкрэсліў Папа ў звароце да вернікаў перад малітвай “Анёл Панскі”. Яна прайшла 2 лютага 2020 г. у Ватыкане.

Прапануем вашай увазе поўны тэкст медытацыі Святога Айца:

“Сёння мы адзначаем свята Ахвяравання Пана: калі нованароджаны Езус быў прадстаўлены ў святыні Паннай Марыяй і св. Юзафам. На гэты дзень прыпадае Дзень кансэкраванага жыцця, які нагадвае пра вялікі скарб у Касцёле – людзей, што на блізкасці наследуюць Пана, вызнаючы евангельскія парады.

Евангелле (пар. Лк 2,22-40) распавядае, што праз сорак дзён пасля нараджэння, бацькі Езуса прынеслі Дзіцятка ў Ерузалем, каб прысвяціць Богу, як было прадпісана юдэйскім Законам. Апісваючы абрад, прадугледжаны традыцыяй, гэты ўрывак звяртае нашу ўвагу на некаторых дзеючых асобаў. Яны паказаны ў той момант, калі перажывалі сустрэчу з Панам у месцы, дзе Ён з’явіўся і стаў блізкім да чалавека.

“Гаворка ідзе пра Марыю і Юзафа, Сімяона і Ганну, якія з’яўляюцца прыкладам адкрытасці і прынясення ўласнага жыцця ў дар Богу. Яны не былі аднолькавымі, усе былі рознымі, але шукалі Бога і дазвалялі Пану весці сябе.”

Евангеліст Лука апісвае іх усіх у падвоеным стаўленні: руху і здзіўлення. Першае стаўленне – гэта рух. Марыя і Юзаф вырушылі ў Ерузалем; са свайго боку, Сімяон, кіраваны Духам, пайшоў у святыню, у той час як Ганна без перапынку, днём і ноччу, служыла Богу. Такім чынам чатыры дзеючыя асобы евангельскага ўрыўку паказваюць нам, што хрысціянскае жыццё патрабуе дынамікі і гатоўнасці выйсці ў дарогу, дазваляючы Святому Духу кіраваць сабой.

“Нерухомасць не падыходзіць для хрысціянскага сведчання і місіі Касцёла. Свет мае патрэбу ў хрысціянах, якія дазваляюць зрушыць сябе з месца, якія не стамляюцца крочыць па жыццёвых шляхах, каб несці ўсім суцяшаючае слова Езуса.”

Кожны ахрышчаны атрымаў пакліканне да абвяшчэння, абвяшчэння Езуса, да евангелізацыйнай місіі! Парафіі і розныя касцёльныя супольнасці пакліканы спрыяць далучэнню моладзі, сем’яў і пажылых людзей, каб усе маглі перажыць хрысціянскі досвед, жывучы як галоўныя дзеючыя асобы жыцця і місіі Касцёла.

Другое стаўленне, у якім св. Лука прадстаўляе чатырох дзеючых асобаў апавядання – гэта здзіўленне. Марыя і Юзаф “дзівіліся таму, што было сказана пра Яго [Езуса]”. Здзіўленне – гэта выразная рэакцыя таксама і старца Сімяона, які ў Дзіцятку Езусе сваімі вачыма ўбачыў збаўленне, здзейсненае Богам дзеля Яго народу: гэта было збаўленне, якога ён чакаў на працягу многіх гадоў. Тое самае тычыцца і Ганны, якая “славіла Пана” і ўказвала людзям на Езуса. Яна з’яўляецца “святой балбатушкай”. Балбатала добра і добрыя рэчы, не дрэнныя. Яна казала, абвяшчала: гэта святая, якая хадзіла ад адной жанчыны да другой, распавядаючы пра Езуса. Гэтыя постаці вернікаў былі агорнуты здзіўленнем, бо дазволілі, каб іх захапілі і заахвоцілі падзеі, што адбываліся перад іхнымі вачыма.

“Здольнасць здзіўляцца таму, што адбываецца вакол нас, спрыяе рэлігійнаму досведу і робіць плённай сустрэчу з Панам. І наадварот, няздольнасць здзіўляцца робіць нас абыякавымі і пашырае адлегласць паміж шляхам веры і штодзённым жыццём. Дарагія браты і сёстры, будзьце заўсёды ў руху і адкрытымі на здзіўленне.”

Няхай Панна Марыя дапаможа нам кожны дзень сузіраць у Езусе Божы дар для нас, і дазваляць, каб Ён уключаў нас у рух дару, з радасным здзіўленнем, каб ўсё наша жыццё станавілася праслаўленнем Бога ў служэнні братам”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў групы вернікаў, прысутныя на плошчы св. Пятра, заклікаў маліцца за кансэкраваных асобаў, а затым удзяліў сваё благаслаўленне.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 лютага 2020, 13:34