Пошук

Vatican News

Францішак: місійны год для будучых дыпламатаў Святога Пасаду

Ліст Папы да кіраўніка Папскай касцёльнай акадэміі: тым, хто паступае на дыпламатычную службу Святога Пасаду, будзе прапанавана правесці год у адной з дыяцэзій для атрымання місіянерскага досведу.

Францішак абвясціў пра гэта ў сваёй заключнай прамове на Сінодзе па Амазоніі, і зараз ідэя была канкрэтызавана. Папа напісаў арцыбіскупу Джозэфу Марына, новаму старшыні Папскай касцёльнай акадэміі – школы па падрыхтоўцы дыпламатычных работнікаў Святога Пасаду – з просьбай, каб у навучальную праграму быў уключаны год, які будучы дыпламат правядзе на місіі ў адным з мясцовых Касцёлаў.

“Я перакананы, што такі досвед з’яўляецца карысным для ўсіх маладых людзей, якія рыхтуюцца да святарскага служэння або пачынаюць яго, але ў прыватнасці для тых, хто ў будучыні будзе пакліканы супрацоўнічаць з Папскімі прадстаўнікамі і, пасля, сам стане пасланнікам Святога Пасаду да народаў і партыкулярных Касцёлаў”, - напісаў Пантыфік.

Ён дадаў, што для станоўчага адказу на праблемы, якія стаяць перад Касцёлам і светам, неабходна, каб будучыя дыпламаты Святога Пасаду набывалі, акрамя цвёрдай святарскай, душпастырскай і спецыяльнай фармацыі, прапанаванай Акадэміяй, таксама і “асабісты досвед місіі па-за межамі сваёй дыяцэзіі паходжання”, дзе будзе магчымасць абмену з місіянерскімі Касцёламі, беручы ўдзел у іх штодзённай евангелізацыйнай дзейнасці. Змененая праграма ўступіць у сілу ў наступным навучальным годзе.

Францішак перакананы, што новы падыход будзе карысны не толькі будучым дыпламатам, але і асобным Касцёлам, з якімі першыя будуць супрацоўнічаць. Ён таксама спадзяецца, што гэта выкліча ў іншых святароў, не звязаных з дыпламатыяй, жаданне правесці “час місіянерскага служэння па-за межамі роднай дыяцэзіі”.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 лютага 2020, 12:03