Пошук

Vatican News

Францішак сустрэўся з дэлегацыяй Маскоўскага Патрыярхату

13 лютага 2020 г. Папа прыняў у Ватыкане старшыню Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхата. Былі абмеркаваны актуальныя пытанні каталіцка-праваслаўных узаемаадносін.

Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён перадаў Пантыфіку словы прывітання Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі. Францішак таксама прасіў перадаць Кірылу сваё братэрскае прывітанне. Аб гэтым паведамляе служба камунікацыі АЗЦС.

Падчас сустрэчы, якая праходзіла ў атмасферы ўзаемаразумення і добразычлівасці, бакі абмеркавалі актуальныя пытанні адносін паміж Маскоўскім Патрыярхатам і Каталіцкім Касцёлам. Мітрапаліт расказаў пра канферэнцыю на тэму “Святыя – знак і насенне адзінства”, якая была прымеркавана да чацвёртай гадавіны “Гаванскай сустрэчы” і прайшла ў Папскім універсітэце імя Тамаша Аквінскага. Пантыфік і праваслаўны іерарх адзначылі вялікае значэнне для двухбаковых адносін перэгрынацыі з Бары ў Расію часткі рэліквій св. Мікалая ў маі-ліпені 2017 г.

Суразмоўцы з задавальненнем адзначылі плённае развіццё супрацоўніцтва паміж дзвюма Цэрквамі. Так, за апошнія гады перспектыўным паказаў сябе праект “Летніх інстытутаў”, у рамках якога адбываецца абмен адукацыйнымі сустрэчамі святароў і студэнтаў тэалогіі з Каталіцкага Касцёла і Маскоўскага Патрыярхата ў Маскве і Рыме. Гэта спрыяе больш глыбокаму знаёмству з традыцыямі і сучасным жыццём двух супольнасцей.

Каардынацыяй супрацоўніцтва займаецца адмыслова створаная Сумесная рабочая група. Мітрапаліт Іларыён падзяліўся з Папам вынікамі яе чарговага пасяджэння, якое прайшло 12 лютага 2020 г. у штаб-кватэры Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. З уключэннем сацыяльнай праблематыкі, каталіцка-праваслаўнае ўзаемадзеянне значна пашырылася. Гэта мае вялікае значэнне асабліва для рэалізацыі сумесных праектаў у галіне гуманітарнай дапамогі насельніцтву Сірыі, якое пацярпела падчас вайны, - лічыць прадстаўнік Маскоўскага Патрыярхату.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 лютага 2020, 11:26