Пошук

Vatican News

Папа дзеліцца разважаннямі адносна “Апостальскага сімвала веры”

Тэлеканал італьянскага епіскапату TV2000 пачынае трансляцыю цыкла праграм, прысвечаных “Апостальскаму сімвалу веры”. У іх аснове – інтэрв’ю з папам Францішкам.

“Часам з’яўляюцца тэорыі, якія прымушаюць нас уяўляць абстрактнага, ідэалагічнага Бога”, якія “даказваюць існаванне Бога, нібыта гэта матэматыка”. У той час як “святыя – гэта асобы, якія зразумелі, што значыць верыць у Бога, які з’яўляецца Айцом”, сцвярджае Папа ў размове з вядучым праграмы кс. Марка Поца, турэмным капеланам з Падуі.

Першы выпуск “Credo” выйдзе ў эфір 17 лютага 2020 г. Увесь цыкл складаецца з васьмі праграм, якія, у сваю чаргу, замыкаюць своеасаблівую тэлетрылогію на тэму галоўных хрысціянскіх малітваў, распачатую яшчэ ў 2017 г. У рамках праекта Францішак ужо падзяліўся з гледачамі сваімі разважаннямі адносна малітваў “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”.

“Ідэя заключаецца ў тым, каб вярнуцца да вытокаў найстаражытнейшых слоў малітвы, якая ўтрымлівае сутнасць хрысціянскай веры, асучасніваючы іх праз сустрэчы і каментарыі сведкаў нашых дзён”, - гаворыцца ў прэс-рэлізе тэлепраекта.

Як і ў выпадку з папярэднімі цыкламі праграм, вялікае інтэрв’ю з Францішкам у рамках “Credo” будзе пакладзена ў аснову аднайменнай кнігі, публікацыя якой папярэдне запланавана на пачатак сакавіка 2020 г.
 

Навіна ў фармаце аўдыё
07 лютага 2020, 14:08