Пошук

1581160354508.JPG

Папа да паліцэйскіх: няхай вашу працу натхняе полымя веры

Францішак падзякаваў італьянскім паліцэйскім за кампетэнтнасць і прафесіяналізм, а таксама пажадаў, каб іх службу заўсёды натхняла лагоднае, але сапраўднае полымя веры, надзеі і любові.

8 лютага 2020 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі кіраўніцтва і супрацоўнікаў Інспекцыі па ахове грамадскага парадку “Ватыкан” – спецыяльнага падраздзялення рымскай паліцыі, якое займаецца аховай плошчы св. Пятра і клапоціцца аб бяспецы Пантыфіка падчас яго падарожжаў па тэрыторыі Італіі.

“Ваша служба Апостальскай Сталіцы і Дзяржаве Ватыкане мае асаблівае значэнне і выключную каштоўнасць. Нялёгка кожны дзень мець стасункі з турыстамі і пілігрымамі, якія наведваюць плошчу і базыліку св. Пятра, Ватыканскія музеі ці прыбываюць на сустрэчу з Папам. У розных сітуацыях вы пакліканы спалучаць іх патрэбы з неад’емнымі правіламі грамадскага парадку і спакойнага жыцця вакол Дзяржавы Ватыкан , а таксама ў месцах, святых для каталіцкай веры”, - заўважыў Папа.

Францішак падзякаваў сваім гасцям за “незаўважнае, але пільнае і эфектыўнае” служэнне падчас яго душпастырскіх візітаў на тэрыторыі Італіі. Ён выказаў перакананасць, што служба паліцэйскіх сведчыць не толькі пра іх “кампетэнтнасць і прафесіяналізм, але таксама пра шчырую любоў і вернасць Апостальскай Сталіцы”.

“За ўсё, асабліва за ваша штодзённае служэнне, выкананне якога вартае пахвалы, я асабіста вам вельмі ўдзячны: з гэтай нагоды я хацеў бы зноў выразіць пашану да таго духу, які яго натхняе. Пастаяннае супрацоўніцтва з Ватыканскай жандармерыяй робіць яго яшчэ больш эфектыўным і пахвальным”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец даручыў матчынаму заступніцтву Панны Марыі інтэнцыі сваіх гасцей і пажадаў, каб Пан благаслаўляў іх дзейнасць, жыццё, ідэалы, намеры, памкненні і блізкіх.

“Паўтараю маё пажаданне, каб ваша штодзённая праца, часам рызыкоўная, заўсёды натхнялася полымем веры, надзеі і любові – полымем лагодным, простым, але сапраўдным”, - дадаў Святы Айцец на заканчэнне звароту да італьянскіх паліцэйскіх.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 лютага 2020, 13:20