Пошук

Vatican News
Папа падчас аўдыенцыі для дэлегацыі Старажытных Праваслаўных Цэркваў Папа падчас аўдыенцыі для дэлегацыі Старажытных Праваслаўных Цэркваў  (Vatican Media)

Пантыфік: Цэрквы маюць розныя дары Духа, якімі павінны дзяліцца

Калі хрысціяне розных Цэркваў сустракаюцца паміж сабой, яны абменьваюцца тымі дарамі, якія Святы Дух пасеяў у іх. Пан радуецца братэрству паміж намі, - перакананы Францішак.

21 лютага 2020 г. Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў адукацыйнага курса для маладых святароў і манахаў Старажытных Усходніх Цэркваў, якія яшчэ называюцца Старажытныя Праваслаўныя Цэрквы ці Усходнія Праваслаўныя Цэрквы.

“Візіт – гэта заўсёды абмен дарамі. Калі Багародзіца адведала Альжбету, раздзяліла з ёй радасць Божага дару, які атрымала. У сваю чаргу Альжбета, прымаючы прывітанне Марыі, ад якога ўзварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, напоўнілася Святым Духам і адарыла сваячку сваім благаслаўленнем. Як Марыя і Альжбета, Цэрквы носяць у сабе розныя дары Духа, якімі павінны дзяліцца дзеля радасці і ўзаемнага дабра. Так, калі мы, хрысціяне розных Цэркваў, адведваем адно аднаго, сустракаючыся ў любові Пана, маем ласку абмену гэтымі дарамі. Мы можам прыняць тое, што Дух пасеяў у іншым як дар для нас”, - сказаў Папа.

“У гэтым сэнсе, ваш візіт з’яўляецца не толькі нагодай, каб паглыбіць знаёмства з Каталіцкім Касцёлам, але таксама для нас, католікаў, гэта магчымасць для прыняцця дару Духа, які ёсць у вас. Ваша прысутнасць дазваляе нам абмяняцца дарамі і з’яўляецца прычынай радасці”

, -  дадаў ён.

Францішак нагадаў сваім гасцям словы апостала Паўла: “Заўсёды дзякую Богу майму за вас дзеля ласкі Божай, дадзенай вам у Хрысце Езусе” (1 Кар 1,4). “Таксама і я сёння дзякую па гэтай самай прычыне, дзякую за Божую ласку, якая была дадзена вам. Усё пачынаецца з гэтага, з бачання ласкі, з прызнання бескарыслівай дзейнасці Бога, з веры ў тое, што Ён галоўны творца дабра, што ёсць у нас. Гэта прыгажосць хрысціянскага погляду на жыццё, а таксама перспектыва, у якой трэба прымаць брата, як вучыць апостал”, - сцвердзіў Святы Айцец.

“Такім чынам я ўдзячны за вас, за ласку, якую вы прынялі ў жыцці і вашых традыцыях, за “так” вашага святарства і вашага манаскага жыцця, за сведчанне, дадзенае вашымі Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі, які крывёў замацавалі веру ў Хрыста і працягваюць быць зернямі веры і надзеі ў рэгіёнах, што, на жаль, часта пазначаны насіллем і вайной”

, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік выказаў спадзяванне на добры візіт праваслаўных гасцей у Рым і пажадаў, каб яны адчувалі сябе “не як госці, а як браты”. “Пан радуецца братэрству паміж намі (...). Няхай ваша прысутнасць стане маленькім зернем, якое дапаможа расквітнець бачнай еднасці паміж намі, таму поўнаму адзінству, якога Езус горача прагне”, - сказаў Францішак удзельнікам праваслаўнай дэлегацыі.

Старажытныя Усходнія Цэрквы прызнаюць пастановы і догматы толькі першых двух або трох Сабораў. Да іх адносяцца: Асірыйская Царква Усходу, Армянская Апостальская Царква, Копцкая Праваслаўная Царква, Эфіопская Праваслаўная Царква, Эрытрэйская Праваслаўная Царква, Сірыйская Праваслаўная Царква і Маланкарская Праваслаўная Царква.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 лютага 2020, 12:41