Пошук

Vatican News

Пантыфік заклікаў да этычнасці ў сферы штучнага інтэлекту

Недастаткова простага навучання правільнаму карыстанню новымі тэхналогіямі – у галіне штучнага інтэлекту трэба выхоўваць моцную матывацыю для пошуку ўсеагульнага дабра, перакананы Папа.

На 28 лютага 2020 г. у Ватыкане была запланавана аўдыенцыя для ўдзельнікаў Генеральнай асамблеі Папскай акадэміі жыцця, якая ў гэтыя дні праходзіла ў Рыме. Аднак па прычыне лёгкага недамагання Францішак не змог асабіста сустрэцца з дэлегацыяй, і яго зварот да прысутных зачытаў старшыня Акадэміі, арцыбіскуп Вінчэнца Палья.

Сваё пасланне Пантыфік прысвяціў развіццю тэхналогій і штучнага інтэлекту – з’явам, якія сёння кардынальна змяняюць свет, чалавечыя паводзіны і функцыянаванне ўсіх сфер жыцця.

Папа заўважыў, што лічбавая эпоха нясе пагрозы як на індывідуальным, так і на сацыяльна-эканамічным узроўні. Яна змяняе ўспрыняцце прасторы, часу і цела, “унушае пачуццё асабістай экспансіі”, якая не ведае меж, і робіць больш складаным пашырэнне культуры павагі да разнастайнасці. Карыстальнікі часта зводзяцца да “спажыўцоў”, падпарадкаваных прыватным інтарэсам невялікай групы людзей. Няроўнасць павялічваецца, веды і багацці канцэнтруюцца ў руках невялікай колькасці людзей, пагражаючы дэмакратычным грамадствам.

Тым не менш, новыя тэхналогіі нясуць у сабе і вялікі патэнцыял. Па словах Францішка, гэта “Божы дар, рэсурс, які можа прыносіць добры плён”. На думку Пантыфіка, адказам на этычныя пытанні, што вынікаюць са спосабу, якім новыя прылады могуць “распараджацца” нараджэннем і лёсам людзей, павінны стаць “абноўленыя намаганні па гуманізацыі ўсёй супольнай гісторыі жыцця”.

Папа выказаў перакананне, што сёння недастаткова простага навучання правільнаму карыстанню новымі тэхналогіямі. Трэба выхоўваць моцную матывацыю для пошуку ўсеагульнага дабра як сярод стваральнікаў, так і сярод спецыялістаў і карыстальнікаў тэхналогіямі. У галіне штучнага інтэлекту неабходны “этычны алгарытм (“algor-etica”), распрацоўка якога павінна грунтавацца на “міждысцыплінарным дыялогу” і на скрыжаванні “этыкі, адукацыі і права”.

У сувязі з гэтым Францішак ухваліў падпісанне прадстаўнікамі карпарацый Microsoft і IBM, а таксама Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыяй ААН (FAO) і Папскай акадэміяй жыцця “Рымскага этычнага закліку” (Rome Call for AI Ethics) – збору этычных прынцыпаў у сферы штучнага інтэлекту, і заклікаў удзельнікаў Асамблеі працягваць пошукі шляхоў залучэння да супрацоўніцтва ўсіх людзей, неабыякавых да дабра чалавецтва.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 лютага 2020, 15:30