Пошук

Vatican News
Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі"  (AFP or licensors)

Пантыфік: вучань Езуса – соль зямлі і святло свету

Вучань Хрыста і хрысціянская супольнасць з’яўляюцца святлом свету і соллю зямлі, калі скіроўваюць іншых людзей да Бога, - падкрэсліў Папа на малітве “Анёл Панскі”, 9 лютага 2020 г. у Ватыкане.

Прапануем вашай увазе поўны тэкст медытацыі Святога Айца:

“У сённяшнім Евангеллі (Мц 5,13-16) Езус кажа сваім вучням: “Вы – соль зямлі... Вы – святло свету” (Мц 5,13.14). Ён выкарыстоўвае сімвалічную мову не столькі, каб даць характарыстыку свайго вучня, але каб указаць тым, хто прагне ісці за Ім, некаторыя крытэрыі для рэалізацыі іх місійнай дзейнасці ў свеце.

Першы вобраз Соль – гэта той элемент, які дае смак, які захоўвае і бароніць ежу ад сапсавання. Вучань такім чынам пакліканы трымаць далёка ад грамадства небяспекі, разбураючыя мікрарганізмы, якія шкодзяць жыццю людзей. Гаворка ідзе пра супрацьстаянне граху, маральнай дэградацыі, сведчачы аб каштоўнасцях сумленнасці і братэрства, не паддаючыся зямным спакусам кар’ерызму, улады і багацця. Соллю з’яўляецца вучань, які нягледзячы на штодзённыя паражэнні, якія ўсе мы маем, уздымаецца з пылу сваіх памылак, штодзённа пачынаючы з мужнасцю і цярплівасцю шукаць дыялогу і адносін з іншымі. Соллю з’яўляецца вучань, які не шукае адабрэння і апладысментаў, але імкнецца быць сціплай і канструктыўнай прысутнасцю, у вернасці навучанню Езуса, які прышоў на зямлю не каб Яму служылі, а каб служыць. У такім сведчанні сёння ёсць вялікая патрэба!

Другі вобраз, які Езус прапануе сваім вучням – гэта вобраз святла: “Вы – святло свету”. Святло рассейвае цемру і дае магчымасць бачыць. Хрыстус –святло, якое прагнала цемру, але яна яшчэ працягвае заставацца ў свеце і ў паасобных людзях. Таму заданне хрысціяніна – гэта разагнаць яе, робячы ззяючым святло Хрыста сярод іншых і абвяшчаючы Яго Евангелле. Гаворка ідзе пра выпраменьвання, якое могуць даваць нашыя словы, а ў першую чаргу – нашыя “добрыя ўчынкі” (пар. Мц 5,16). Вучань і хрысціянская супольнасць з’яўляюцца святлом свету, калі скіроўваюць іншых да Бога, дапамагаючы кожнаму сустрэцца з Яго дабрынёй і міласэрнасцю. Вучань Езуса з’яўляецца святлом, калі здольны жыць сваёй верай па-за абмежаванай прасторай, калі дапамагае знішчыць забабоны, плёткі і дазваляе святлу ісціны ўвайсці ў сітуацыі, сапсаваныя крывадушнасцю і падманам. Дазваляе ўвайсці святлу. Але ж гэта не маё святло, але святло Езуса. Мы з’яўляемся прыладамі для таго, каб святло Хрыста дайшло да ўсіх.

Езус запрашае нас не баяцца жыць у свеце, нават калі ў ім часта існуюць сітуацыі канфлікту і граху. Перад абліччам насілля, несправядлівасці і прыгнёту, Касцёл не можа замыкацца ў сабе ці хавацца за сваёй бяспечнай агароджай. Ён не можа пакінуць сваю евангелізацыйную місію і служэнне. Езус падчас апошняй вячэры прасіў Айца, каб не забіраў вучняў з гэтага свету, але абараніць іх ад духа свету. Касцёл не шкадуе сябе, з шчодрасцю і пяшчотнасцю працуючы дзеля малых і бедных: гэта не дух свету, гэта яго святло, гэта соль. Касцёл слухае плач найменшых і адчужаных, бо ўсведамляе, што з’яўляецца пілігрымуючай супольнасцю, пакліканай працягваць збаўчую прысутнасць Езуса Хрыста ў гісторыі.

Няхай Найсвятая Панна Марыя дапаможа нам быць соллю і святлом сярод людзей, несучы ўсім, з дапамогай жыцця і слова, Добрую Навіну аб любові Бога”, - сказаў Папа.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў пілігрымаў, прысутных на плошчы св. Пятра, і ўдзяліў благаслаўленне.

 

Навіна ў фармаце аўдыё

 

09 лютага 2020, 12:43