Пошук

Vatican News

Пантыфік: Вялікі пост – час клопату пра экалогію душы

Вялікі пост – гэта час, калі трэба выключыць тэлевізар і разгарнуць Біблію, адарвацца ад смартфона і “падлучыцца” да Евангелля, адмовіцца ад непатрэбнага і пайсці да самотных і слабых, - нагадаў Папа.

У сваёй катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі 26 лютага 2020 г., якая прайшла на плошчы св. Пятра, Пантыфік заклікаў вернікаў адправіцца на духоўную пустыню.

Францішак заўважыў, што сапраўдная пустыня – гэта ціхае месца, дзе не чуваць нічога акрамя ветру і ўласнага дыхання. Для вернікаў – гэта прастора, вольная ад шуму і напоўненая Божым словам.

Біблія сведчыць аб тым, што Бог аддае перавагу пустыні, калі хоча размаўляць з чалавекам. Менавіта там Ён уручыў Майсею Дзесяць запаведзей, а калі выбраны народ аддаляўся ад Яго, сказаў: “Вось прывяду няверную абранніцу ў пустыню і буду прамаўляць да яе сэрца. І там заспявае яна, як у дні маладосці сваёй” (Ос 2,16-17). “У пустыні мы знаходзім блізкасць з Богам, знаходзім любоў Пана. Езус любіў штодзённа сыходзіць у пустыннае месца, каб маліцца. Ён навучыў нас шукаць Айца, Які прамаўляе да нас у цішыні”, - звярнуў увагу Папа.

“Вялікі пост – гэта спрыяльны час для стварэння месца Божаму слову. Гэта час, калі трэба выключыць тэлевізар і разгарнуць Біблію. Калі я быў малы, не было тэлевізару, але існавала звычка адмаўляцца ад радыё. Вялікі пост – гэта час для пустыні. Гэта час, каб адарвацца ад смартфона і “падлучыцца” да Евангелля. Гэта час, каб адмовіцца ад непатрэбных слоў, ад распаўсюджвання чутак, абгаворвання, пляткарства, каб размаўляць з Панам на “ты”. Гэта час, які трэба прысвяціць здаровай экалогіі душы, навядзенню парадку ў ёй”, - сказаў Святы Айцец. Папа падкрэсліў, што “мы жывём у асяроддзі, празмерна забруджаным вербальным насіллем, рэкламай і каварнымі паведамленнямі”.

“Мы прызвычаіліся слухаць усё пра ўсіх і рызыкуем скаціцца ў марнасць, якая робіць сэрца неадчувальным”

, - папярэдзіў Францішак.

“Нам цяжка ідэнтыфікаваць голас Пана, Які прамаўляе да нас, голас сумлення, голас дабра. Езус, клічучы нас у пустыню, запрашае пачуць тое, што важнае. Д’яблу, які Яго спакушаў, Ён адказаў: “Не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых” (Мц 4,4). Як хлеба, больш чым хлеба, мы патрабуем Божага слова, мы патрабуем размовы з Богам, патрабуем малітвы, бо толькі перад абліччам Бога становяцца бачнымі духоўныя схільнасці і спадаюць маскі з душы. Пустыня, гэта прастора жыцця, а не смерці, бо дыялог з Богам у цішыні вяртае нам жыццё”, - сцвердзіў Папа.

Францішак заўважыў таксама, што пустыня – гэта месца, дзе патрэбна толькі самае неабходнае. Ён заклікаў уважліва паглядзець на сваё жыццё, каб зразумець, “колькі непатрэбных рэчаў нас акружае”.

“Мы імкнёмся да тысяч розных рэчаў, якія здаюцца нам патрэбнымі, а на самой справе, такімі не з’яўляюцца. Як карысна нам было б вызваліцца ад шматлікіх павярхоўных рэчаў, каб па-новаму адкрыць каштоўнае, каб зноў адкрыць для сябе абліччы людзей, якія знаходзяцца побач! І тут Езус дае нам прыклад посту. Пасціць – значыць быць здольным адмаўляцца ад пустога, непатрэбнага, імкнуцца да важнага. Пасціць – не значыць сесці на дыету, але імкнуцца да самага істотнага, шукаць прыгажосці ў больш простым жыцці”, - дадаў Папа.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра

Святы Айцец зазначыў, што пустыня – гэта таксама месца адзіноты. “Таксама сёння побач з намі шмат пустынь, шмат адзінокіх людзей, самотных і кінутых. Колькі бедных і пажылых асоб побач з намі; яны жывуць у маўчанні, не робячы шуму, адчужаныя і спісаныя! Навіны пра іх не цікавяць шырокую аўдыторыю. Але пустыня вядзе нас да іх, да тых, хто не размаўляе месяцамі, хто моўчкі просіць нашай дапамогі. Шлях велікапоснай пустыні – гэта шлях міласэрнай любові да самых слабых”, - падкрэсліў Папа.

Францішак нагадаў, што малітва, пост і ўчынкі міласэрнасці – гэта шлях велікапоснай пустыні, на якой адкрываецца шлях, што вядзе ад смерці да жыцця.

“Увойдзем у пустыню разам з Езусам і зможам выйсці з яе смакуючы Пасху, сілу Божай любові, якая абнаўляе жыццё. З намі адбудзецца тое ж, што і з пустынямі, якія вясной пачынаюць квітнець, нечакана даюць “з нічога” прарасці пупышкам і раслінам. Будзем з адвагай ісці за Езусам у пустыню: з Ім нашы пустыні расквітнеюць”, - завяршыў катэхезу Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 лютага 2020, 11:02