Пошук

Vatican News

Пантыфік на сустрэчы біскупаў Міжземнамор’я ў Бары

23 лютага 2020 г. Папа прыбыў у горад Бары, каб прыняць удзел у заключнай частцы сустрэчы біскупаў Міжземнаморскага рэгіёну, арганізаванай італьянскім епіскапатам.

На форуме “Міжземнамор’е – мяжа міру” сабраліся каля 50 іерархаў з 20 краін Еўропы, Паўночнай Афрыкі і Блізкага Усходу, а таксама святары, манаскія асобы і прадстаўнікі свецкіх рухаў. Францішак звярнуўся да іх з прамовай у катэдральным касцёле св. Мікалая.

Пантыфік падкрэсліў экуменічны патэнцыял Бары, гораду, які можна назваць “сталіцай еднасці Касцёла”. Ён завярнуў увагу на значэнне Міжземнамор’я як калыскі “нашай цывілізацыі”, скрыжавання шляхоў розных народаў, а таксама нагадаў пра стратэгічную важнасць рэгіёну для захавання раўнавагі ў іншых частках свету.

Звяртаючы ўвагу на вялікую колькасць канфліктаў Францішак нагадаў, што вайна “супярэчыць здароваму сэнсу” і з’яўляецца “шаленствам”, бо вядзе да знішчэння дамоў, фабрык, шпіталёў, забойства людзей, а не будавання міжчалавечых і эканамічных адносін.

Папа заклікаў ніколі не пагаджацца з успрыманнем вайны як нечага нармальнага і непазбежнага ў адстойванні супрацьлеглых пазіцый. Вайна заўсёды сведчыць пра недальнабачнасць, бо праз яе “пазбаўляем будучыні не толькі іншых, але і саміх сябе”.

Гаворачы пра сітуацыю мігрантаў, Францішак заклікаў не паддавацца раўнадушшу і адчужэнню, і не інструменталізаваць міграцыю, прадстаўляючы яе як “нашэсце”. “Рыторыка сутыкнення цывілізацый служыць толькі апраўданню насілля і ўмацоўванню нянавісці”, - дадаў ён.

Закранаючы тэму пераследу хрысціян, Папа пажадаў, каб улады краін Міжземнаморскага рэгіёну баранілі меншасці і рэлігійную свабоду, а таксама не заставаліся абыякавымі да лёсу людзей, якія просяць аб дапамозе, ратуючыся праз мора ці становяцца ахвярамі розных злоўжыванняў.

Францішак падзяліўся, што адчувае страх, калі чуе прамовы некаторых лідараў новай хвалі папулізму. Яны нагадваюць словы, што сеялі страх і нянавісць у 1930-я гг., - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў да аднаўлення разарваных сувязяў у Міжземнаморскім рэгіёне, да адбудовы разбураных гарадоў, вяртання надзеі, тым, хто яе згубіў, пераадолення страху перад іншымі. Ён выказаў спадзяванне на тое, што Міжземнае мора, якое сёння амаль ператварылася ў могілкі, стане месцам уваскрасення для ўсяго рэгіёну.

У гэтым кантэксце Францішак нагадаў пра патрэбу ў актыўнай дзейнасці хрысціянскіх супольнасцей. “Навошта грамадству дасягаць усё новых і новых тэхналагічных вынікаў, калі яно становіцца ўсе менш і менш салідарным у адносінах да патрабуючых? Дзякуючы евангельскаму абвяшчэнню, мы перадаём логіку, згодна з якой не павінна быць апошніх, і прыкладаем намаганні, каб Касцёл, каб Цэрквы, праз усё больш і больш актыўную дзейнасць, былі знакам прывілеяванай увагі да малых і бедных”, - сказаў Папа.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 лютага 2020, 11:42