Пошук

Vatican News
Лагатып Нацыянальнага кагрэсу свецкіх вернікаў Іспаніі Лагатып Нацыянальнага кагрэсу свецкіх вернікаў Іспаніі 

Пантыфік да вернікаў: місійнае заданне – заўсёды актуальнае

14 лютага 2020 г. Францішак прывітаў удзельнікаў трохдзённага іспанскага Нацыянальнага кангрэса свецкіх вернікаў. Форум праходзіць у Мадрыдзе па ініцыятыве Канферэнцыі Біскупаў Іспаніі.

У пасланні, скіраваным на імя кардынала Рыкарда Бласкеса Перэса, старшыні іспанскага епіскапату, Папа заўважыў, што сустрэча распачалася ў літургічны ўспамін святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы. “Яны далі імпульс вялікай евангелізацыі гэтага кантынента, несучы евангельскае пасланне тым, хто яго не ведаў, робячы яго зразумелым і блізкім для людзей той эпохі, з дапамогай новай мовы і форм”, - напісаў ён.

Францішак заклікаў іспанскіх католікаў памятаць пра важнасць асэнсавання сваёй прыналежнасці да хрысціянскай супольнасці, штодзённага ўмацавання веры і выйсця насустрач людзям, з гатоўнасцю адмовіцца ад камфорту.

“Для гэтага неабходна ўнутраная свабода, якая дазваляе рэчаіснасці нашага часу дакрануцца да нас і дае мужнасць ісці ёй насустрач. Місійнае заданне, заўсёды актуальнае, пастаянна з сілай вяртаецца да нас, запрашаючы несці заўсёды новы голас Евангелля ў свет, у якім жывём, асабліва ў старую Еўропу, дзе Добрая Навіна, здаецца, заглушана шматлікімі галасамі, прасякнутымі смерцю і роспаччу”, - лічыць Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што Божае слова павінна абвяшчацца “праз хрысціянскае сведчанне з запалам і радасцю, каб быць у стане разбурыць нават самыя высокія муры, якія ствараюць ізаляцыю і адчужэнне”. Ён заўважыў, што гэта місія тычыцца таксама людзей з сфер культуры, палітыкі і прамысловасці.

Пантыфік звярнуў увагу на спакусы клерыкалізму, канкурэнцыі, кар’ерызму, суровасці і засяроджанасці на негатыўным, якія перашкаджаюць свецкім вернікам у рэалізацыі паклікання да святасці ў сучасным свеце.

“Не бойцеся пратоптваць дарогі, уваходзіць ва ўсе куткі грамадства, дасягаць ускраін гарадоў, дакранацца да ран нашых людзей... Божы Касцёл закасвае рукавы, каб выйсці насустрач іншаму, не асуджаючы яго, а падаючы руку для падтрымкі, падбадзёрвання ці проста спадарожнічання ў яго жыцці”, - напісаў Папа да ўдзельнікаў кангрэсу іспанскіх свецкіх вернікаў.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 лютага 2020, 13:44