Пошук

Vatican News
Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Францішак здзейсніць падарожжа на Мальту

Папа наведае астравы Мальта і Гоца. Аб гэтым Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла 10 лютага 2020 г. Дэтальная праграма падарожжа будзе апублікавана пазней.

“Прымаючы запрашэнне Прэзідэнта Рэспублікі Мальта, уладаў і Каталіцкага Касцёла ў краіне, 31 мая 2020 г. Яго Святасць Папа Францішак здзейсніць Апостальскае падарожжа на Мальту і Гоца”, - гаворыцца ў ватыканскім паведамленні.

Францішак стане трэцім Папам, які наведае Мальтыйскі архіпелаг. Першым Пантыфікам, які прыбыў сюды быў св. Ян Павел ІІ. Ён наведваў Мальту двойчы: у 1990 г. і 2001 г. Бэнэдыкт XVI быў на востраве з Апостальскім візітам у 2010 г.

На працягу 2019 г. Францішак сустракаўся ў Ватыкане з двума Прэзідэнтамі Мальты: з Мары-Луізай Калейра Прэкай, якая закончыла свой прэзідэнцкі мандат у красавіку, а таксама з новаабраным мальтыйскім лідарам Джорджам Вэлам. У снежні з прыватным візітам у Ватыкане быў тагачасны Прэм’ер-міністр Мальты Джозэф Мускат.

На працягу апошніх месяцаў Святы Айцец некалькі разоў высока адзначаў гасціннасць мальтыйцаў да мігрантаў і бежанцаў. Гэтай тэме былі прысвечаны сёлетнія малітоўныя разважанні на Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян, падрыхтаваныя міжканфесійнай групай з Мальты і Гоца. У 2016 г. Касцёл і ўлады Мальты ахвяравалі калядныя яслі для плошчы св. Пятра, адным з элементам якіх быў човен – напамін не толькі пра традыцыйны для вострава рыбацкі промысел, але і пра сітуацыю бежанцаў, якія ў пошуках новага жыцця спрабуюць пераадолець Міжземнае мора.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 лютага 2020, 11:50