Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: кананічнае права служыць збаўленню душаў

Неабходна вярнуць і глыбей разумець сапраўдны сэнс права ў Касцёле. Пакаранні павінны быць крайнім сродкам і служыць выпраўленню і дабру вінаватага, - заўважыў Францішак.

21 лютага 2020 г. Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў пленарнай сесіі Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў. Ён нагадаў, што ў Касцёле, “містычным Целе Хрыста, дзе перавагу мае Божае слова і сакрамэнты” прававыя нормы граюць “неабходную ролю, але падпарадкаваную, і знаходзяцца на службе адзінству”.

Францішак пажадаў, каб ватыканская дыкастэрыя дапамагала “усведамленню душпастырскага характару кананічнага права, як прылады на службе salus animarum, яго патрэбы ў павазе да цноты справядлівасці, якая заўсёды павінна сцвярджацца і гарантавацца”.

Папа нагадаў словы Бэнэдыкта XVI з Ліста да семінарыстаў, якія з’яўляюцца актуальнымі для ўсіх вернікаў: “Навучыцеся таксама разумець і – адважуся сказаць – любіць кананічнае права, беручы пад увагу яго тэрміновую неабходнасць і прынцыпы практычнага ўжывання. Грамадства без права стала бы грамадствам пазбаўленым правоў. Права – гэта ўмова любові”.

“Дапамога ў веданні і выкарыстанні законаў Касцёла – гэта не перашкода для меркаванай душпастырскай “эфектыўнасці” тых, хто хоча вырашаць праблемы без права, але гарантыя пошуку не самавольных рашэнняў, а справядлівых, а значыць па-сапраўднаму пастырскіх. Баронячы ад самавольных рашэнняў, права становіцца моцнай апорай для абароны апошніх і бедных, абарончым шчытом для тых, хто рызыкуе стаць ахвярай чарговых магутных”, - сцвердзіў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што карныя меры заўсёды павінны быць апошнім сродкам. “Біскуп павінен усё больш і больш усведамляць, што ў сваім Касцёле, у якім пастаўлены пастырам і галавой, ён з’яўляецца таксама і суддзёй паміж вернікамі, даверанымі яму. Але роля суддзі заўсёды носіць пастырскую пячатку, бо мае на мэце адзінства паміж членамі Божага народа. Гэта тое, што прадпісана дзейсным Кодэксам: калі Ардынарый убачыў, што іншымі шляхамі, прадпісанымі душпастырскай апекай, было немагчыма дасягнуць задавальняючага ўстаранення скандалу, аднаўлення справядлівасці, выпраўлення вінаватага, толькі тады ён павінен распачаць судовую ці адміністратыўную працэдуру, каб накласці ці абвесціць пакаранне, адпаведнае дасягненню гэтых мэтаў (пар. кан. 1341). Адсюль вынікае, што карная санкцыя заўсёды з’яўляецца extrema ratio, крайнім сродкам, да якога трэба прыбягаць, калі ўсе іншыя магчымыя шляхі для дасягнення адпаведнасці нарматыўным патрабаванням аказаліся неэфектыўнымі”, - сказаў Францішак.

Пантыфік нагадаў, што кананічнае пакаранне павінна садзейнічаць не толькі парадку, “але таксама выпраўленню і асабліва дабру самаго вінаватага”. “Мэта збаўлення індывідуума падкрэслівае, што кананічнае пакаранне – гэта не выключна прылада прымусу, але мае відавочна лекавы характар. Па сутнасці яно з’яўляецца добрым сродкам для рэалізацыі Валадарства, для аднаўлення справядлівасці ў супольнасці вернікаў, пакліканых да асабістага і супольнага асвячэння”, - дадаў ён.

На заканчэнне аўдыенцыі Францішак пажадаў, каб карныя нормы былі больш “арганічнымі і адпаведнымі новым сітуацыям і праблематыкам актуальнага грамадска-культурнага кантэксту”, а таксама заклікаў сваіх гасцей “даць належныя прылады для спрашчэння іх ужывання”.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 лютага 2020, 13:08