Пошук

Vatican News

Святы Айцец: спачуваць ахвярам “гістарычных караблекрушэнняў”

Перажываць цяжкасці з верай і падтрымліваць людзей, якія ў іх апынуліся, дзелячыся любоўю, што нараджаецца ў выніку сустрэчы з Езусам, - заклікаў Папа 8 студзеня 2020 г. падчас агульнай аўдыенцыі.

Францішак працягнуў цыкл разважанняў, прысвечаных кнізе Дзеяў Апосталаў. Гэтым разам ён сканцэнтраваўся на падзеях, што адбыліся падчас падарожжа Паўла ў Рым.

“Апошняя частка Кнігі Дзеяў Апосталаў распавядае пра Евангелле, якое працягвае свой бег не толькі па зямлі, але і па моры, на караблі, які вёз зняволенага Паўла з Цэзарэі ў Рым, у сэрца імперыі, каб споўнілася слова Уваскрослага: “Будзеце Маімі сведкамі.... ажно да краю зямлі” (Дз 1,8). Пачытайце Дзеі Апосталаў і ўбачыце як Евангелле, дзякуючы сіле Святога Духа дасягнула ўсіх народаў, стала паўсюдным. Вазьміце і пачытайце!”, - заклікаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што ад самага пачатку плаванне праходзіла ў неспрыяльных умовах, таму Павел раіў не працягваць яго. Экіпаж не паслухаў апостала і цалкам згубіў кантроль падчас моцнага ветру.

Калі смерць здавалася ўжо блізкай і роспач ахапіла ўсіх, Павел запэўніў сваіх спадарожнікаў, што ніводзін з іх не загіне, бо ноччу яму аб’явіўся анёл Бога, якому ён належыць і служыць, і сказаў: “Не бойся, Павел, бо табе трэба з’явіцца перад цэзарам, і вось, Бог падараваў табе ўсіх, хто плыве з табою” (Дз 27,23-24).

“[Нават падчас выпрабаванняў Павел не пераставаў быць ахоўнікам жыцця іншых і чалавекам, які распальвае надзею. Лука распавядае нам, што задума, якая вяла Паўла ў Рым, выратавала не толькі апостала, але і яго спадарожнікаў, а караблекрушэнне, няшчасны выпадак, пераўтварыўся ў магчымасць для абвяшчэння Евангелля, вызначаную Божым Провідам]”

, - заўважыў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што пасля буры карабель з Паўлам на борце прычаліў да вострава Мальта, жыхары якога прадэманстравалі шчырую гасціннасць. Там Паўла ўкусіла змяя, а мясцовыя жыхары, убачыўшы гэта, падумалі, што ён забойца, “раз яму, уратаванаму з мора, багіня справядлівасці не дазваляе жыць”. Яны чакалі, што апостал памрэ, але, калі нічога дрэннага з ім не адбылося, змянілі думку і казалі, што ён бог.

“На самой справе, гэта ласка паходзіла ад Уваскрослага Пана, Які яго падтрымліваў, згодна з абяцаннем, дадзеным перад унебаўшэсцем і скіраваным да вернікаў: “Змеяў рукамі браць будуць, і, калі штосьці атрутнае вып’юць, не пашкодзіць ім. На хворых будуць ускладаць рукі і яны выздаравеюць” (Мк 16,18). Легенда кажа, што з таго часу змеі не жывуць на Мальце: гэта Божая ласка за гасціннасць добрага народа”, - сказаў Папа.

“Насамрэч, прабыванне на Мальце стала для Паўла шчаслівай нагодай, каб “уцелавіць” слова, якое абвяшчаў, і споўніць спагадлівае служэнне ў аздараўленні хворых. Гэта закон Евангелля: калі вернік сустракае збаўленне, не захоўвае яго для сябе, але пускае ў абарот. “Дабро заўсёды мае тэндэнцыю да пашырэння. Кожны сапраўдны досвед праўды і прыгажосці імкнецца да распаўсюджвання, і кожны чалавек, які глыбока перажывае вызваленне, становіцца больш чулым да патрэб іншых” (Evangelii gaudium, 9)”, - сцвердзіў Пантыфік.

“[Хрысціянін, які прайшоў праз выпрабаванні, вядома, можа стаць больш блізкім да пакутуючых, бо ведае, што такое пакуты, і можа зрабіць сваё сэрца адкрытым і чулым да салідарнасці з іншымі]”

, - дадаў ён.

Паводле Францішка, апостал Павел вучыць нас перажываць выправабанні ў лучнасці з Хрыстом, каб узрастаць у “перакананні, што Бог дзейнічае ў розных абставінах, нават сярод бачных няўдач” і “веданні, што калі хтосьці ахвяруе сябе i аддае сябе ў любові Богу, напэўна прынясе багаты плён”. “Любоў заўсёды плённая...”, - дадаў Святы Айцец.

Папа заклікаў вернікаў маліцца аб здольнасці перажывання выпрабаванняў, чэрпаючы сілы з веры, а таксама аб спачуванні шматлікім ахвярам “гістарычных караблекрушэнняў”, прыняцці іх з братэрскай любоўю, якая паходзіць з сустрэчы з Езусам. “Гэта тое, што ратуе ад холаду абыякавасці і бесчалавечнасці”, - сказаў Францішак на заканчэнне катэхезы.

Рэпартаж з Залы Паўла VI
Навіна ў фармаце аўдыё
08 студзеня 2020, 11:56