Пасол Беларусі пры Святым Пасадзе з візітам у Ватыкане
8-12 студзеня 2020 г. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі і Святым Пасадзе па сумяшчальніцтве Сяргей Алейнік наведвае з візітам Ватыкан, - гаворыцца на сайце ведамства.
Адзначаецца, што 9 студзеня пасол Беларусі прыняў удзел у штогадовай аўдыенцыі Папы для дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе. Падчас сустрэчы Сяргей Алейнік “правёў кароткую размову з Францішкам і перадаў яму віншаванні з каляднымі і навагоднімі святамі ад беларускага кіраўніцтва”.
Падчас візіту ў Ватыкан пасол Беларусі сустрэўся з кардыналам Дзяржсакратаром П’етра Паралінам. Суразмоўцы абмеркавалі актуальныя пытанні адносін паміж Беларуссю і Апостальскай Сталіцай, “станоўча ацанілі ўзаемадзеянне ў міжнародных арганізацыях і абмяняліся меркаваннямі аб сітуацыі ў рэгіёне”.