Пошук

Папа падчас візіту ў "Аўшвіц-Біркенаў". Ілюстрацыйнае фота Папа падчас візіту ў "Аўшвіц-Біркенаў". Ілюстрацыйнае фота 

Папа: памятаць пра Халакост, каб не стаць раўнадушнымі

Важна вучыць талерантнасці і ўзаемнаму разуменню, рэлігійнай свабодзе і спрыянню грамадскаму міру, сказаў Францішак 20 студзеня 2020 г. падчас аўдыенцыі для дэлегацыі Цэнтра Сымона Візэнталя.

Святы Айцец нагадаў пра кантакты паміж Апостальскай Сталіцай і Цэнтрам Сымона Візэнталя – яўрэйскай праваабарончай арганізацыяй, якая была заснавана ў 1977 г. у ЗША, і дзейнічае ва ўсім свеце, змагаючыся з антысемітызмам, расізмам і нянавісцю да меншасцей.

“Нас аб’ядноўвае жаданне рабіць свет лепшым у павазе да годнасці чалавека, якая ў аднолькавай меры належыць усім, незалежна ад паходжання, рэлігіі ці сацыяльнага статуса”, - заўважыў Папа.

Спасылаючыся на адну з задач Цэнтра Сымона Візэнталя, якой з’яўляецца захаванне памяці пра Халакост, Францішак нагадаў, што 27 студзеня 2020 г. будзе адзначацца 75-годдзе вызваленне нацысцкага канцэнтрацыйнага лагера “Аўшвіц-Біркенаў”, на тэрыторыі якога ён меў магчымасць моўчкі маліцца ў 2016 г.

Папа заўважыў, што ў сённяшнім свеце людзям цяжка спыніцца і зазірнуць унутр сябе, цяжка “суцішыцца, каб пачуць крык чалавецтва, якое пакутуе”. “Сучаснае спажывецкае грамадства мае таксама вербальны характар: колькі непатрэбных слоў, колькі часу змарнавана на прэтэнзіі і абвінавачванні, колькі абразаў выкрыкваецца, не дбаючы пра тое, што гаворыцца. Маўчанне, аднак, дапамагае захоўваць памяць. Калі губляем памяць, знішчаем будучыню. Няхай невымоўная жорсткасць, пра якую чалавецтва даведалася 75 гадоў таму, стане заклікам спыніцца, памаўчаць і ўзгадаць. Гэта нам патрэбна, каб не стаць раўнадушнымі”, - сказаў Папа.

Святы Айцец выказаў занепакоенасць ростам у многіх частках свету “эгаістычнага раўнадушша”, згодна з якім людзі лічаць жыццё добрым, калі ім добра, а калі нешта ідзе не так, “выбухаюць гневам і злосцю”. Гэта становіцца “урадлівай глебай” для фаварытызму і папулізму, на такой глебе “хутка разрастаецца нянавісць”, - папярэдзіў Францішак.

Папа асудзіў усе формы антысемітызму. Ён падкрэсліў, што для барацьбы з гэтай з’явай трэба “апрацоўваць зямлю, на якое расце нянавісць, сеючы мір”. Менавіта праз “інтэграцыю, пошук і разуменне іншага” мы “лепш абараняем сябе”, таму трэба “інтэграваць маргіналізаваных, працягуць руку далёкім, падтрымаць адчужаных па прычыне адсутнасці ў іх сродкаў і грошай, дапамагаць ахвярам неталерантнасці і дыскрымінацыі”.

Святы Айцец заўважыў, што хрысціяне і юдэі, якія маюць багатую супольную спадчыну, “першыя пакліканы да такога служэння”: не аддаляцца і адчужаць, але станавіцца блізкімі і прымаць, не падтрымліваць сілавыя рашэнні, а пачынаць шляхі збліжэння. “Будзем таксама і мы памятаць пра мінулае і браць да сэрца стан тых, хто пакутуе: такім чынам будзем рабіць урадлівай глебу братэрства”, - сказаў Папа членам дэлегацыі Цэнтра Сымона Візэнталя.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 студзеня 2020, 14:57