Пошук

Vatican News
Папа падчас аўдыенцыі для італьянскіх рыбакоў Папа падчас аўдыенцыі для італьянскіх рыбакоў  (Vatican Media)

Папа падзякаваў рыбакам за ачышчэнне мора ад пластыка

Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане рыбакоў з італьянскага горада Сан-Бэнэдэта-Дэль-Тронта. Сустрэча адбылася 18 студзеня 2020 г. у Клементыйскай зале Апостальскага палацу.

Пантыфік звярнуў увагу на цяжкасці звязаныя з рыбалоўным промыслам. Яны нярэдка падштурхоўваюць рыбакоў шукаць іншую працу на сушы, больш бяспечную і стабільную. “Тым не менш, хто нарадзіўся на моры не можа выкараніць мора са свайго сэрца”, - раздзяліў перакананасць сваіх гасцей Папа.

“Заклікаю вас не губляць надзеі перад абліччам нязручнасцей і няўпэўненасцей, якія вы, на жаль, павінны перамагаць: няхай у вас будзе дастаткова мужнасці! Адначасова, трэба, каб ваша праца, часта рызыкоўная і цяжкая, цанілася належным чынам, а вашы правы і законныя памкненні – абараняліся”, - пажадаў Святы Айцец.

Папа падзякаваў рыбакам за ўдзел у экалагічнай ініцыятыве “Лоўля пластыку”, якая праводзіцца ў рэгіёне Марке, і да якой яны добраахвотна далучыліся. Гэта ініцыятыва з’яўляецца вельмі важнай не толькі таму, што дазваляе ачысціць марскія воды ад вялікай колькасці смецця, асабліва пластыкавага, а ў першую чаргу, таму, што можа стаць і ўжо становіцца прыкладам для наследавання ў іншых рэгіёнах Італіі і за мяжой, - падкрэсліў Францішак.

“Аперацыя “Лоўля пластыку”, у якой вы ўзялі ўдзел як валанцёры, з’яўляецца прыкладам таго, як мясцовая грамадзянская супольнасць можа і павінна рабіць свой унёсак у вырашэнне пытанняў глабальнага маштабу...”, - дадаў ён.

Святы Айцец заўважыў, што прафесія рыбака вельмі старажытная і менавіта да яе належалі св. Пётр і іншыя першыя вучні Езуса. “Мне прыемна думаць, што таксама і сёння, тыя з вас, хто з’яўляецца хрысціянамі, адчуваюць духоўную прысутнасць Пана побач з сабой”, - заўважыў Папа.

“Ваша вера натхняе важныя каштоўнасці: народную пабожнасць, якая выражаецца ў даверы да Бога, малітве і хрысціянскім выхаванні дзяцей; пашану да сям’і; пачуццё салідарнасці, праз якоё вы адчуваеце неабходнасць узаемна падтрымліваць адно аднаго і дапамагаць у патрэбах. Не губляйце гэтыя каштоўнасці!”, - заклікаў сваіх гасцей Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 студзеня 2020, 14:36