Пошук

Vatican News
Францішак падчас аўдыенцыі для Папскага эфіопскага калегіума Францішак падчас аўдыенцыі для Папскага эфіопскага калегіума  (Vatican Media)

Пантыфік сустрэўся з дэлегацыяй Папскага эфіопскага калегіума

Быць будаўнікамі добрых адносін і лячыць раны людзей, нанесеныя доўгім братазабойчым канфліктам, - заклікаў Пантыфік святароў з Эфіопіі і Эрытрэі, якіх прыняў у Ватыкане.

11 студзеня 2020 г. Святы Айцец сустрэўся з дэлегацыяй Папскага эфіопскага калегіума. Структура, сядзіба якой знаходзіцца ў Ватыканскіх садах, сёлета адзначае сваё 100-годдзе. Аўдыенцыя была прымеркаваная да юбілею.

Святы Айцец заўважыў, што “эфіопская прысутнасць” у Ватыкане нагадае пра слова “гасціннасць”. “Ля магілы апостала Пятра на працягу стагоддзяў знайшлі дом і гасціннасць сыны народаў, далёкіх ад Рыма ў геаграфічным сэнсе, але вельмі блізкіх веры апосталаў у вызнанні Езуса Хрыста Збаўцы”, - сказаў ён.

Францішак прыгадаў пра “братазабойчую вайну” паміж Эфіопіяй і Эрытрэяй, якая завяршылася толькі ў 2018 г. Ён заўважыў, што такія канфлікты больш ніколі не павінны мець месца і падзякаваў усім, хто працаваў на карысць дасягнення доўгачаканага міру.

Пантыфік заклікаў святароў быць “будаўнікамі добрых адносін”, “лячыць унутраныя і знешнія раны” людзей. Ён пажадаў, каб Каталіцкаму Касцёлу ў Эфіопіі і Эрытрэі была гарантавана свабода ў служэнні агульнаму дабру, каб студэнты мелі магчымасць вучыцца ў Рыме і іншых месцах, каб свабодна дзейнічалі каталіцкія адукацыйныя, медыцынскія і дабрачынныя структуры, “з упэўненасцю, што пастыры і вернікі разам з усімі іншымі прагнуць спрыяць дабру і росквіту” гэтых краін.

Папа звярнуў увагу на сітуацыю мігрантаў з Усходняй Афрыкі, асабліва непаўналетніх. Ён падзякаваў святарам з двух краін за клопат пра сваіх суайчыннікаў у Еўропе і на іншых кантынентах. “Можна рабіць яшчэ больш і лепш, як на Радзіме, так і за мяжой, каб гады вучобы і прабывання ў Рыме прыносілі плён у пакорным і шчодрым служэнні, заўсёды заснаваным на фундаменце еднасці з Панам, якому мы падарылі ўсё наша жыццё”, - сказаў Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 студзеня 2020, 15:23