Пошук

Vatican News
Падчас сустрэчы Папы з удзельнікамі кангрэса "Багацце даўгалецця" Падчас сустрэчы Папы з удзельнікамі кангрэса "Багацце даўгалецця"  (Vatican Media)

Папа: пажылы чалавек можа быць прыладай гісторыі збаўлення

Папа прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў Першага сусветнага кангрэсу, прысвечанага душпастырскай апецы над пажылымі. Форум праходзіў з 29 па 31 студзеня 2020 г. у Ватыкане пад дэвізам “Багацце даўгалецця”.

Францішак заўважыў, што ў ХХІ стагоддзі старэнне стала адметнай рысай чалавецтва. “Калі раней пажылыя людзі маглі засяліць маленькую дзяржаву, то сёння могуць засяліць цэлы кантынент”, - сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што павелічэнне колькасці пажылых з’яўляецца навізной для грамадскай і дэмаграфічнай сферы. Таму існуе пільная патрэба ў “сур’ёзнай рэфлексіі, каб навучыцца прымаць і цаніць каштоўнасць старасці”.

“У Бібліі даўгалецце – гэта благаслаўленне. Яно прымушае нас стаць перад абліччам нашай уразлівасці, узаемнай залежнасці, нашых сямейных і грамадскіх сувязей, і асабліва, нашага боскага сыноўства”, - сказаў Святы Айцец. Ён заўважыў, што старасць – спрыяльны момант для паглыблення адносін з Богам і падрыхтоўкі да сустрэчы з Ім. Адначасова, гэта час плённасці, што пацвярджаюць біблійныя прыклады Сары і Абрагама, Альжбеты і Захарыі. “Пажылы чалавек, нават калі слабы, можа стаць прыладай гісторыі збаўлення”, - сцвердзіў Пантыфік.

Францішак адзначыў важнасць узаемнага абмену паміж пакаленнямі, што “абавязвае змяніць наш погляд на пажылых, каб навучыцца глядзець у будучыню разам”.

Папа заклікаў вучыцца глядзець на пажылых людзей не толькі ў катэгорыях мінулага. “Пан можа і хоча таксама і разам з імі пісаць новыя старонкі, старонкі святасці, служэння, малітвы... Сёння я хацеў бы сказаць, што таксама і пажылыя – гэта сённяшні і заўтрашні дзень Касцёла. Яны таксама будучыня Касцёла, які, разам з моладдзю, прарочыць і марыць!”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Паводле Папы, “прароцтва пажылых людзей спаўняецца, калі святло Евангелля цалкам уваходзіць у іх жыццё; калі, як Сімяон і Ганна, бяруць на рукі Езуса і абвяшчаюць рэвалюцыю пяшчотнасці”, Добрую навіну Таго, хто прыйшоў у свет, каб прынесці святло Айца”.

“Таму прашу вас не спыняцца абвяшчаць Евангелле старым і пажылым. Ідзіце ім насустрач з усмешкай на твары і з Евангеллем у руках. Выходзьце на вуліцы вашых парафій і шукайце пажылых там, дзе яны жывуць у самоце. Старасць – гэта не хвароба, а прывілей! Хваробай можа быць самотнасць, але з дапамогай любові, блізкасці і духоўнага суцяшэння, мы можам яе перамагчы”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак нагадаў пра важную ролю пажылых людзей у перадачы веры новым пакаленням, таму заклікаў уключаць іх у душпастырскія ініцыятывы “не эпізадычна, але як жыццядайныя кампаненты нашых супольнасцей”. Трэба дазволіць ім быць дзеючымі асобамі евангелізацыйнага душпастырства, прывілеяванымі сведкамі вернай любові Бога, - сказаў Папа.

Першы сусветны кангрэс, прысвечаны душпастырскай апецы над пажылымі, быў арганізаваны ў Ватыкане Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця. У ім прымалі ўдзел каля 550 экспертаў і душпастырскіх работнікаў з 60 краін свету.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 студзеня 2020, 12:56