Пошук

Vatican News

Пантыфік: адарацыя пераўтварае жыццё чалавека

“Давайце ў нашы дні знойдзем час для адарацыі і створым прастору для адарацыі ў нашых супольнасцях”, - звярнуўся Папа 6 студзеня 2020 г. падчас Эўхарыстыі ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана.

У гаміліі Францішак адзначыў, што мэтай падарожжа мудрацоў у Бэтлеем было пакланенне Богу. “Калі мы страцім пачуццё пакланення, страцім сэнс шляху хрысціянскага жыцця, які з’яўляецца пілігрымкай да Пана, а не да нас саміх”, - папярэдзіў Пантыфік. Ён адзначыў, што “чалавек, калі не сузірае Бога, мае схільнасць любіць сваё эга”.

“Гэта сур’ёзная пагроза: карыстацца Богам, а не служыць Богу. Колькі разоў мы блыталі інтарэсы Евангелля з нашымі, колькі разоў мы апраўдвалі рэлігійнасць тым, што забяспечвала нам камфорт, колькі разоў мы блыталі ўладу паводле Бога, якая азначае служэнне іншым, з уладай мірской: служэннем самому сабе!”- сказаў Святы Айцец.

Папа звярнуў увагу, што адарацыя – гэта патрабаванне веры, звязанае з радасцю знаходжання з Богам і адмовай ад ідалаў грошай, спажывальніцтва, задавальнення, поспеху, свайго эга. “Любіць – гэта маўчаць перад абліччам Божага слова, вучыцца гаварыць словы, якія не раняць, але даюць суцяшэнне”, - заўважыў Францішак. Ён дадаў, што адарацыя пераўтварае жыццё чалавека.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 студзеня 2020, 13:10