Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Францішак скіраваў пасланне на XXVIII Сусветны дзень хворых

“Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас” (Мц 11, 28): гэтае запрашэнне Хрыста паслужыла загалоўкам для паслання Пантыфіка на Сусветны дзень хворых, які адзначаецца ў Касцёле 11 лютага.

Зварот Францішка быў абнародаваны 3 студзеня 2020 г.

У сваім пасланні Папа запэўніў хворых асоб, што “Касцёл жадае быць у штораз большай і лепшай ступені “заездам” Добрага Самараніна, якім ёсць Хрыстус (пар. Лк 10, 34),” – домам, дзе яны змогуць “знайсці ласку, што праяўляецца ў блізкасці, гасціннасці, суцяшэнні”.

“У гэтым доме зможаце сустрэць людзей, якія, аздароўленыя Божай міласэрнасцю ў сваёй уразлівасці, здолеюць дапамагчы вам несці крыж, робячы з уласных ранаў шчыліны, праз якія можна сузіраць гарызонт па-над хваробай і атрымліваць святло і паветра для свайго жыцця”, - напісаў Пантыфік.

Папа падкрэсліў важнасць персаналізаванага падыходу да кожнага хворага, у якім лячэнне суправаджаецца клопатам пра чалавека, бо любая хвароба падвяргае рызыцы не толькі фізічную цэласнасць асобы, але і пачуццёвае, разумовае, духоўнае вымярэнні яго жыцця. Таму хворы, а разам з ім яго сям’я і блізкія, патрабуюць не толькі лячэння, але “падтрымкі, руплівасці, увагі – адным словам, любові”.

Пантыфік пажадаў медыцынскім работнікам “адкрыцца на духоўнае вымярэнне, якое надасць завершаны сэнс іх прафесіі”, і ў сваёй працы стаяць на абароне годнасці і жыцця чалавека, “не згаджаючыся на дзеянні эўтаназійнага характару, на асісціраванне самагубствам або на забойства жыцця, нават калі хвароба дасягнула неабарачальнай стадыі”.

У чарговы раз Францішак нагадаў пра недатыкальнасць чалавечага жыцця, бо яно “святое і належыць Богу”, а таму павінна прымацца і абараняцца з моманту зачацця і да натуральнай смерці.

Напрыканцы паслання Папа выказаў занепакоенасць палітычным маніпуляваннем медыцынскім сектарам і перашкодамі, якія часта чыняцца медыцынскім структурам у зонах канфліктаў і войнаў, а таксама нярэдкай сітуацыяй, калі беднасць не дазваляе людзям у многіх краінах свету атрымліваць неабходную медыцынскую дапамогу.

У сувязі з гэтым ён заклікаў міжнародную супольнасць супрацоўнічаць, кіруючыся прынцыпамі салідарнасці і субсідыярнасці, каб гарантаваць усеагульны доступ да годных паслуг, накіраваных на абарону жыцця і ўмацаванне здароўя людзей.

Францішак падзякаваў шматлікім валанцёрам, якія бескарысліва ахвяруюць сябе дзеля служэння хворым. Усіх хворых, іх родных і блізкіх, а таксама медыцынскіх работнікаў ён даручыў апецы Маці Божай, запэўніўшы іх у сваёй малітоўнай блізкасці, і пераказаў ім сваё Апостальскае благаслаўленне.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 студзеня 2020, 12:03