Пошук

Vatican News
Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі"  (AFP or licensors)

Святы Айцец: абудзіцца ад сну раўнадушнасці і марнасці

Чуваць – значыць мець сэрца, свабоднае і скіраванае ў слушным напрамку, гатовае да дару і служэння, - заўважыў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, якая 1 снежня 2019 г. прайшла ў Ватыкане.

Прапануем вашай увазе поўны тэкст медытацыі Святога Айца:

“Сёння, у першую нядзелю Адвэнта, распачынаецца новы Літургічны год. На працягу гэтых чатырох тыдняў Адвэнту, літургія будзе весці нас да святкавання Нараджэння Езуса, нагадваючы, што Ён прыходзіць у наша жыццё штодзённа і вернецца ў хвале напрыканцы часоў. Упэўненасць у гэтым дапамагае нам глядзець у будучыню з даверам, як заклікае рабіць прарок Ісая, што сваім натхнёным голасам, суправаджае ўвесь шлях Адвэнту.

У сённяшнім першым чытанні Ісая прарочыць, што “ў апошнія дні, гара дому Пана будзе пастаўлена на вяршыні гораў і ўзвысіцца па-над пагоркамі, і пацякуць да яе ўсе плямёны” (Іс 2,2). Святыня Пана ў Ерузалеме прадстаўляецца як кропка сходу і сустрэчы ўсіх народаў. Пасля ўцелаўлення Божага Сына сам Езус аб’явіўся як сапраўдная святыня. Таму, цудоўная візія Ісаі – гэта боскае абяцанне. Яно падштурхоўвае нас выйсці ў пілігрымаванне, выйсці ў шлях да Хрыста, сэнсу і мэты ўсёй гісторыі.

“[Тыя, хто мае голад і прагу справядлівасці, могуць знайсці яе толькі прайшоўшы шляхамі Пана; у той час як зло і грэх нараджаюцца, калі асобныя людзі і сацыяльныя групы лічаць, што лепшы ісці шляхамі, якія вызначаны эгаістычнымі інтарэсамі, што правакуюць канфлікты і войны. Адвэнт – гэта спрыяльны час, каб прыняць надыход Езуса, які прыходзіць як пасланнік міру, каб указаць нам Божыя шляхі.]”

У сённяшнім Евангеллі Езус заклікае нас быць гатовымі да Яго прыйсця: “Чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе” (Мц 24,42). Чуваць – не значыць мець адчыненыя вочы ў прамым сэнсе, але мець сэрца, свабоднае і скіраванае ў слушным напрамку, гэта значыць гатовае да дару і служэння. Вось, што значыць чуваць!

“[Сон, з якога мы павінны абудзіцца, складаецца з раўнадушнасці, марнасці, няздольнасці ўстанаўліваць сапраўдныя чалавечыя адносіны, няздольнасці браць на сябе цяжар самотнага, пакінутага ці хворага брата.]”

Чаканне Езуса, які прыходзіць, павінна ператварыцца ў намаганні, накіраваныя на тое, каб чуваць. Гаворка ідзе ў першую чаргу пра тое, каб захапляцца дзейнасцю Бога, Яго сюрпрызамі, і даваць Богу, даваць Яму прыярытэт. Чуваць канкрэтным чынам, значыць быць уважлівымі да нашага бліжняга, які перажывае цяжкасці, дазволіць, каб яго патрэбы ўзварухнулі нас, не чакаючы, пакуль ён ці яна папросяць нас аб дапамозе, але вучачыся дзейнічаць на апярэджанне, як Бог заўсёды паступае з намі.

“[Няхай Марыя, Панна, якая чувае, і Маці надзеі, вядзе нас па гэтым шляху, дапамагаючы скіраваць позірк да “гары Пана”, вобраза Езуса Хрыста, які прыцягвае да сябе ўсіх людзей і ўсе народы.]”

Пасля марыйнай малітвы Папа прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра вернікаў і ўдзяліў благаслаўленне.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 снежня 2019, 12:34