Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: сацыяльнае вучэнне павінна выражацца ў канкрэтных праектах

Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый, якія натхняюцца ў сваёй дзейнасці вучэннем Касцёла. Сустрэча адбылася 7 снежня 2019 г. у Ватыкане.

Папа нагадаў словы пастырскай канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабора пра Касцёл у сучасным свеце “Gaudium et spes”: “Будаўніцтву супольнасці народаў у спакоі і братэрстве па-рознаму могуць дапамагаць разнастайныя міжнародныя каталіцкія аб’яднанні, якія трэба ўмацоўваць як праз павелічэнне колькасці належна падрыхтаваных працаўнікоў, так і патрэбных ім матэрыяльных сродкаў, а таксама праз належную каардынацыю іх намаганняў. У наш час эфектыўнасць дзеяння і неабходнасць дыялогу патрабуе аб’яднай ініцыятывы” (90).

Спасылаючыся на гэтае сцвярджэнне Сабора, Пантыфік засяродзіў увагу на трох яго аспектах, якія кажуць пра патрэбу ў належнай падрыхтоўцы кадраў, эфектыўным выкарыстанні рэсурсаў і каардынацыі дзеянняў.

Папа заўважыў, што ва ўмовах складанасці сучаснага свету і антрапалагічнага крызісу існуе патрэба ў паслядоўным жыццёвым сведчанні, каб спрыяць дыялогу і пазітыўнай рэфлексіі аб чалавечай годнасці. Для гэтага хрысціяне павінны ўсведамляць сябе “прыладамі дзейнасці Бога ў свеце” і мець “належную прафесійную падрыхтоўку ў сферы натуральных і гуманітарных навук, каб прадстаўляць іх у хрысціянскай перспектыве”.

“У гэтым сэнсе, сацыяльнае вучэнне Касцёла прапануе касцёльныя прынцыпы, якія дапамогуць лепш служыць чалавецтву. Заахвочваю вас вывучаць яго, быць добра дасведчанымі ў ім, каб затым яно выражалася ў вашых праектах”, - пажадаў Святы Айцец

Пантыфік падкрэсліў, што фармацыя і адукацыя ў сферы грамадска-палітычных праблем павінна стаць “прыярытэтным заданнем для Касцёла”. Патрэбны глабальны адукацыйны саюз, каб вучыць міру і справядлівасці, гасціннасці паміж народамі і паўсюднай салідарнасці, а таксама ўвазе да клопату аб “супольным доме”, - перакананы Францішак.

Гаворачы пра патрэбу ў эфектыўным выкарыстанні матэрыяльных рэсурсаў, Святы Айцец заўважыў, што рэсурсы з’яўляюцца важнымі і неабходнымі, але часам можа здарыцца так, што іх будзе недастаткова для дасягнення вызначаных мэтаў.

“Мы не павінны апускаць рукі. Трэба памятаць, што Касцёл заўсёды рабіў вялікія справы з дапамогай бедных сродкаў. Вядома, трэба дбаць пра іх існаванне і максімальна выкарыстоўваць уласныя таленты, але дэманструючы, што кожная здольнасць паходзіць ад Бога, што не з’яўляецца нашай”, - сцвердзіў ён.

Францішак звярнуў увагу на важнасць каардынацыі дзеянняў паміж няўрадавымі арганізацыямі, якія грунтуюцца на каталіцкім вучэнні. Супрацоўніцтва прадэманструе адзінства Касцёла і гатоўнасць усіх яго кампанентаў супольна крочыць па шляху служэння агульнаму дабру.

“Сучасны свет патрабуе новага запалу і новага ўяўлення, каб адкрыць новыя шляхі дыялогу і супрацоўніцтва дзеля культуры сустрэчы, дзе чалавечая годнасць, згодна з задумай Стварыцеля, стаіць на першым месцы”, - падкрэсліў у сваёй прамове Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 снежня 2019, 12:30