Пошук

Vatican News

Папа да дыпламатаў: мір патрабуе згоды і экалагічнага навяртання

Папа заўважыў, што глыбокім прагненнем усёй чалавечай сям’і з’яўляецца мір, які будуецца праз “дыялог, прымірэнне і экалагічнае навяртанне”. Ён запэўніў у падтрымцы такіх намаганняў з боку Касцёла.

19 снежня 2019 г. Святы Айцец прыняў даверчыя граматы паслоў Сейшэльскіх Астравоў, Малі, Андоры, Кеніі, Латвіі і Нігера. Ён пажадаў, каб іх праца спрыяла больш справядліваму і мірнаму свету, агульнаму дабру і адказным адносінам да планеты.

“У свеце, які, на жаль, пазначаны грамадзянскімі, рэгіянальнымі і міжнароднымі канфліктамі, сацыяльным падзелам і няроўнасцю, вельмі важна аднавіць канструктыўны і творчы дыялог, заснаваны на сумленнасці і праўдзе, з мэтай прасоўвання большай братэрскай салідарнасці паміж людзьмі і ўсёй глабальнай супольнасцю”, - падкрэсліў Пантыфік.

Ён запэўніў у гатоўнасці Каталіцкага Касцёла супрацоўнічаць з усімі адказнымі партнёрамі на карысць кожнага чалавека і ўсіх народаў. “Я горача спадзяюся, што ваша місія дапаможа не толькі ўмацаваць добрыя адносіны, якія існуюць паміж вашымі краінамі і Святым Пасадам, але таксама будаваць больш справядлівы і мірны свет, у якім жыццё, годнасць і правы чалавека будуць паважацца і цаніцца”, - сказаў дыпламатам Папа.

Святы Айцец заўважыў, што мір пачынаецца з узаемнага збліжэння, якое немагчыма там, дзе існуюць прыгнёт, страх і абыякавасць. “Толькі калі адмаўляемся ад раўнадушша і страху, можа ўзрастаць і квітнець сапраўдная атмасфера ўзаемнага даверу. Яна, у сваю чаргу, вядзе да развіцця інклюзіўнай культуры, да больш справядлівай эканамічнай сістэмы і розных магчымасцей для ўдзелу ўсіх у грамадскім і палітычным жыцці”, - дадаў ён.

Францішак звярнуў увагу сваіх гасцей на сувязь паміж мірам і аховай навакольнага асяроддзя. Ён нагадаў пра катастрафічныя наступствы, якія для людзей і экалогіі маюць “непавага да нашага супольнага дома” і “злоўжыванне прыроднымі рэсурсамі”. Ён заклікаў спрыяць адказнаму падыходу да планеты, пачынаючы ад выхавання і адукацыі і заканчваючы адпаведнымі палітычнымі і эканамічнымі рашэннямі.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 снежня 2019, 12:02