Пошук

Vatican News
Папа з калектывам часопіса “Aggiornamenti Sociali” Папа з калектывам часопіса “Aggiornamenti Sociali”  (Vatican Media)

Пантыфік журналістам: быць на баку бедных

У грамадкай дзейнасці трэба навучыцца распазнаваць голас Духа, інтэрпрэтаваць Яго знакі і выбіраць на карысць гэтага голасу, а не іншых, - заўважыў Папа, сустракаючыся 6 снежня 2019 г. з італьянскімі журналістамі.

Ён рэкамендаваў супрацоўнікам часопіса “Aggiornamenti Sociali” у аналізе грамадскіх з’яў прытрымлівацца “правільнай раўнавагі”, “не ўпадаючы ў спакусу асептычнага погляду на рэальнасць”. “Часткай задач часопіса, такога як ваш, з’яўляецца дапамога ў прыняцці вынікаў навуковых даследаванняў з поглядам вучня, кіруючыся спачуваннем, якое Езус, Настаўнік, адчувае і праяўляе да пакутуючых людзей, да бедных, якія звяртаюцца да Яго, і разам з імі, да нашай прыгнечанай і спустошанай зямлі”, - адзначыў Папа ў тэксце сваёй прамовы.

Ён звярнуў увагу, што “для хрысціян выяўленне сацыяльных з’яў не можа быць аддзелена ад пераважнай опцыі на карысць бедных”; мы заўсёды павінны быць на іх баку, “нават калі ўлічваем дынаміку грамадства”.

Разыходжанні і канфлікты ў грамадскай сферы “не могуць ігнаравацца або хавацца, як гэта мы часта спрабуем зрабіць нават у Касцёле”, - адзначыў Францішак. Але “канфлікт ніколі не можа быць апошнім словам” – гэта шлях да “новых працэсаў”.

Пантыфік заклікаў да сумесных дзеянняў хрысціян і вернікаў іншых рэлігій, а таксама людзей добрай волі. Для гэтага трэба адмовіцца ад “атавістычных страхаў і глыбока ўкаранёнай напружанасці”. “Калі нам не ўдасца аб’яднаць усю чалавечую сям’ю, немагчыма будзе працягваць пошукі ўстойлівага і цэласнага развіцця”, - адзначыў ён.

“Я заклікаю вас не падаць духам: прыхільнасць да справядлівасці і клопат аб агульным доме звязаны з абяцаннем радасці і паўнаты. Шмат хто можа сведчыць пра гэта, і, безумоўна, у вас таксама ёсць магчымасць спазнаць тое ж у сваёй працы: ставіць сябе на бок бедных – гэта сустрэча з пакутамі і несправядлівасцю, але таксама з сапраўдным і заразлівым шчасцем. Прыхільнасць да справядлівасці ўводзіць нас у дынаміку благаслаўленняў: “Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны будуць насычаны” (Мц 5, 6). Працягвайце выхоўваць гэты голад і заражаць іншых: разам мы спазнаем дар насычэння”, - сказаў Францішак падчас сустрэчы з італьянскімі журналістамі, якія спецыялізуюцца на сацыяльнай тэматыцы.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 снежня 2019, 13:33