Пошук

Vatican News
Кардынал Пьетра Паралін Кардынал Пьетра Паралін  (ANSA)

Кардынал Паралін на адкрыцці новага філіяла “Bambino Gesù”

Ватыканскі педыятрычны шпіталь “Bambino Gesù” у Рыме адкрыў новы філіял. Плануецца, што ён зможа абслугоўваць каля 13 тыс. пацыентаў у год.

Цырымонія прайшла 11 снежня 2019 г. з удзелам кардынала Дзяржасакратара Пьетра Параліна. Ён благаславіў новыя памяшканні і запэўніў супрацоўнікаў і пацыентаў у блізкасці і малітве Святога Айца, нагадаўшы пра нядаўнюю аўдыенцыю, прымеркаваную да 150-годдзя “Bambino Gesù”. Папа лічыць падтрымку дзейнасці бальніцы важнай часткай сваёй місіі і жадае, каб яе развіццё дапамагала ўсё лепш і лепш служыць дзецям і іх сем’ям, - заўважыў іерарх.

У двухпавярховым будынку плошчай 4 тыс. квадратных метраў, адрэстаўраваным пры фінансавай падтрымцы італьянскага банка “Intesa Sanpaolо”, будуць, між іншым, лячыць дзяцей з рэдкімі хваробамі і псіханеўралагічнымі захворваннямі, праводзіць дародавую дыягностыку, эмбрыянальныя і перынатальныя кардыялагічныя даследаванні. Тут будуць дзейнічаць два новыя цэнтры для дапамогі дзецям з разладам аўтыстычнага спектра і анарэксіяй.

“Bambino Gesu” быў заснаваны ў 1869 г. для лячэння бедных дзяцей і стаў першай дзіцячай клінікай у Італіі. У 1924 г. быў перададзены пад кіраванне Святога Пасаду і асабісты патранат Папы. Цяпер бальніца з’яўляецца вядучай педыятрычнай установай Італіі і адным з лепшых цэнтраў дзіцячай транспланталогіі ў Еўропе.

Навіна ў фармаце аўдыё
12 снежня 2019, 15:07